Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зімовыя гульні”, прысьвечаныя Радзівілам


Севярын Квяткоўскі, Менск “Зімовыя гульні” – так назвалі імпрэзу, прысьвечаную эпосе Радзівілаў. Культурніцкай акцыяй Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі завяршыў сьвяткаваньне свайго 65-годзьдзя. Ядром імпрэзы сталася выстава фотапартрэтаў, дзе вядомыя ў краіне асобы зьнятыя ў касьцюмах і паставах, уласьцівых партрэтам позьняга сярэднявечча Вялікага Княства Літоўскага. Фотавыстава дапоўніла партрэты Радзівілаў, выстаўленыя ў галерэі Нацыянальнага мастацкага музэю. Рэпартаж з адкрыцьця “Зімовых гульняў” – у матэрыяле карэспандэнта “Свабоды”.

Драматург Аляксей Дудараў, рэжысэр Ігар Забара, акторка Зоя Белахвосьцік, мадэльерка Тамара Ганчарова, дырэктар Нацыянальнага мастацкага музэю Ўладзімер Пракапцоў – вось некаторыя з асобаў, якія паўсталі на фотапартрэтах у “радзівілаўскіх” касьцюмах. Уласна касьцюмы ёсьць і на адмыслова створаных ляльках, на мадэльках, якія рабілі нясьпешны прамэнад сярод наведнікаў, і на вядоўцах адкрыцьця імпрэзы: акторцы Зоі Белахвосьцік і дырэктара музэю Ўладзімера Пракапцова.

Над экспазыцыяй працавалі больш за дзесяць майстроў у самых розных відах: ад фота– і дэкаратыўнага мастацтва да рэчаў з мэталю. Словы мастака па касьцюмах Ганны Балаш могуць патлумачыць, чаму імпрэза завецца “Зімовыя гульні”:

(Балаш: ) “Вядома, гэта не рэканструкцыя касьцюму, гэта пераламленьня касьцюму церазь сёньняшні дзень. Гэта магчымасьць пагуляць у тую эпоху”.

(Клімановіч: ) “У нашых сучасьнікаў можна прачытаць нейкія рысы Радзівілаў, але пра гэта мы забыліся”.

Вольга Клімановіч працытавала адну з мастачак Ірэну Гудзеўскую. Вольга Клімановіч рэпрэзэнтуе кампанію “British American Tobacco”. Ад 2001 году кампанія рэгулярна фундуе ў Беларусі культурніцкія акцыі, найперш у супрацы з Нацыянальным мастацкім музэем.

(Наведнік: ) “Я ўсьцешаны тым, што ў афіцыйных імпрэзах пачалі карыстаць з спадчыны вялікага Княства Літоўскага. Няма беларускіх дрындушкаў: я маю на ўвазе псэўданародныя строі, візгатню…”

Са словамі шараговага наведніка перагукаецца меркаваньне прафэсійнага мастацтвазнаўцы Пётры Васілеўскага:

(Васілеўскі: ) “Добра зроблена. Якасна. Тут упор зроблены менавіта на нацыянальную гісторыю. Проста сам факт, што музэй – вельмі сур’ёзная акадэмічная ўстанова можа дазволіць сабе такую раскошу – разьняволіцца”.

Агучваў “радзівілаўскую” імпрэзу “Зімовыя Гульні” гурт “Стары Ольса”.
XS
SM
MD
LG