Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Латвіі спадзяецца на справядлівы суд над Міхаілам Марынічам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга разгледзела ліст сыноў Міхаіла Марыніча, у якім зьмешчаная просьба падтрымаць іх бацьку, апазыцыянэра Міхаіла Марыніча напярэдадні суду.

20 сьнежня прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйберга і міністар замежных справаў Артыс Пабрыкс абмеркавалі ліст, дасланы напярэдадні Паўлам і Ігарам Марынічамі, сынамі былога амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла прэсавая сакратарка прэзыдэнткі Латвіі спадарыня Айва Розэнбэрга.

(Розэнбэрга: ) “На гэтую сэкунду мне вядома, што будзе адмысловая заява нашага МЗС паводле гэтага пытаньня ў найбліжэйшы час”.

Пра зьмест заявы казаць рана, сказала спадарыня Розэнбэрга. Яна паведаміла, што праблема суду над Міхаілам Марынічам закраналася таксама падчас прэсавай канфэрэнцыі, якую прэзыдэнтка Латвіі Вайра Віке-Фрэйбэрга наладзіла 20 сьнежня.

(Розэнбэрга: ) “Адказваючы на пытаньні журналістаў, яна сказала, што хацела б бачыць справядлівым суд, які таксама б улічыў стан здароўя спадара Марыніча”.

Сёньня ж у абарону Міхаіла Марыніча выступіла найбуйнейшая фракцыя ў сэйме Латвіі “Новы час”. 22 дэпутаты падпісалі адмысловую заяву ў падтрымку Міхаіла Марыніча. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў сын Марыніча Ігар, які цяпер знаходзіцца ў Рызе. Дэпутаты ўручылі яму і ягонаму брату Паўлу ліст у падтрымку Міхаіла Марыніча.

Ігар Марыніч таксама зазначыў, што латыскія мэдыі шырока асьвятляюць справу іхнага бацькі.

(Ігар Марыніч: ) “Было вельмі прыемна, калі мы ўяжджалі раніцай ў горад і па радыё прагучала, што сёньня сустрэча прэзыдэнта з амбасадарамі і адно з пытаньняў – становішча ў Беларусі, справа Марыніча. Яны падрабязна паведамілі, калі быў затрыманы, за што, калі суд”.

Нагадаем, Міхаіла Марыніча ўтрымліваюць у ізалятары КГБ ужо 7 месяцаў. Былога міністра і амбасадара Беларусі ў Латвіі абвінавачваюць у крымінальных злачынствах. Яму інкрымінуюць незаконнае захоўваньне зброі і крадзеж маёмасьці. Вінаватым сябе Міхаіл Марыніча не прызнае і тлумачыць перасьлед палітычнымі прычынамі. Суд над Міхаілам Марынічам пачнецца 23 сьнежня ў Менскім раённым судзе.
XS
SM
MD
LG