Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Рады Эўропы У.Цімашэвіч: “Для нас важна, каб беларусы атрымалі ад Эўразьвязу адназначны сыгнал, што Эўропа не забывае пра сваіх суседзяў”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вядучыя польскія палітыкі заяўляюць, што посьпех польскай палітыкі ў справе Ўкраіны можа дапамагчы палякам больш эфэктыўна ўздымаць у Эўразьвязе беларускае пытаньне.

“Час паказаў, што мы мелі рацыю, што тычыцца Ўкраіны. Цяпер голас Польшчы ў гэтай справе гучыць вельмі аўтарытэтна. Мы маем усе падставы для таго, каб працягваць нашую ўсходнюю палітыку ў такім самым накірунку”, – адзначыў, прамаўляючы ў Беластоку, Уладзімер Цімашэвіч, міністар замежных справаў Польчшы і старшыня Рады Эўропы.

Кіраўнік МЗС Польшчы неаднойчы заяўляў, што істотная частка ўсходняй палітыкі Варшавы – пераканаць Эўразьвяз выпрацаваць асобную стратэгію ў дачыненьнях зь Беларусьсю.

(Цімашэвіч: ) “Для нас важна, каб беларусы атрымалі ад Эўразьвязу зразумелы і адназначны сыгнал аб тым, што абя’дноўваючыся, Эўропа не забывае пра сваіх суседзяў”.

Заявіў напярэдадні нашаму радыё Уладзімер Цімашэвіч.

Між тым, паводле дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту ад Польшчы, падвышэньне аўтарытэту Варшавы ў справах усходняй палітыкі, дасьць ім магчымасьць больш эфэктыўна ўздымаць беларускае пытаньне ў Эўрапарлямэнце.

“Мы распачалі напярэдадні дыскусію ў справе перагляду палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьнях зь Беларусьсю і гэтая дыскусія ўжо мае першыя вынікі – перадусім гэта тычыцца стварэньня эўрапейскага радыё для Беларусі”, – заявіў у Варшаве кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскага парлямэнту ў справах Беларусі, дэпутат Богдан Кліх.

Паводле спадара Кліха, сябра Эўрапейскай камісіі ў дачыненьнях з суседзямі Бэніта Фэрэра-Вальднэр паінфармавала яго напярэдадні, што ёсьць магчымасьць атрымаць сродкі на фінансаваньне радыё з бюджэту Эўразьвязу.
XS
SM
MD
LG