Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне зноў тэледэбаты Юшчанкі й Януковіча, але ў зьмененым фармаце


Валер Каліноўскі, Менск Да перагаласаваньня другога туру прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне застаецца менш за тыдзень. Сёньня а 19-й вечара пачнуцца другія тэледэбаты кандыдатаў у прэзыдэнты Віктара Юшчанкі й Віктара Януковіча. Яны будуць адрозьнівацца ад папярэдніх тым, што супернікі змогуць задаваць адзін аднаму вострыя пытаньні. На пытаньне адводзіцца адна хвіліна, на адказ — дзьве. Напярэдадні дэбатаў наш карэспандэнт зьвязаўся са штабамі абодвух кандыдатаў.

Пытаньне было аднолькавае: што будуць рабіць перадвыбарчыя штабы і самі кандыдаты, калі прайграюць суперніку? Прэсавая сакратарка Віктара Юшчанкі Ірына Герашчанка не дапускае нават магчымасьці паразы свайго кандыдата:

(Герашчанка: ) “Палітыка — гэта вельмі сур’ёзная справа, тут не бывае выпадковасьцяў. Абсалютна відавочна, што Юшчанка выйграў 31 кастрычніка, і гэта была вымушаная прызнаць падкантрольная ўладзе ЦВК Сяргея Ківалава, чыё прозьвішча стала сынонімам несумленнасьці й фальсыфікацыяў. Абсалютна відавочна, што ён выйграў і 21 лістапада, і Вярхоўны суд прызнаў маштабы фальсыфікацыяў, якія адбываліся для таго, каб не лічыць галасоў, а пацьвердзіць тое, што было напісана адміністрацыяй прэзыдэнта за месяц да выбараў: што павінен быць разрыў 3% на карысьць Януковіча. Абсалютна відавочна, што за гэтыя тры тыдні людзі вызначыліся, сымпатыі не мяняліся. Сацыялёгія дае абсалютна пазытыўныя прагнозы”.

Кіраўнік выбарчага штабу Віктара Януковіча Тарас Чарнавіл таксама разьлічвае перш за ўсё на перамогу свайго кандыдата, але кажа, што пралічваецца і варыянт паразы:

(Чарнавіл: ) “Але, выбачайце, калі зноў будуць красьці перамогу, дык тое, што я як кіраўнік штабу гарантую, — я зраблю ўсё дзеля таго, каб мы згодна з законам, у адрозьненьне ад каманды Юшчанкі, — гэта значыць, да 12 гадзіны наступнага дня пасьля дня галасаваньня падамо ўсе абскарджваньні ў адпаведныя інстанцыі. Гэта мы зробім. Калі ўсё гэта будзе ігнаравацца, то ведаеце, тады гэта ўжо палітычны працэс, а не юрыдычны. Я тады ні за што не адказваю”.

Тарас Чарнавіл не выключае, што прыхільнікі Януковіча будуць бараніць перамогу свайго кандыдата і Януковіч ня зможа іх спыніць.

Як паведамляе прэсавая служба Віктрара Юшчанкі, лідэр укранскай апазыцыі заявіў, што “ўкраінскі сцэнар аранжавай рэвалюцыі можа паўтарыцца ў іншых краінах былога СССР”, маючы на ўвазе і Беларусь. “Такі сцэнар магчымы для любой краіны, дзе існуе дэфіцыт дэмакратыі. Калі людзі падымаюцца з каленяў — гэта цудоўна”, — сказаў Віктар Юшчанка, адказваючы на пытаньні журналістаў.
XS
SM
MD
LG