Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прадпрыемствах Гомелю аднаўляюць наркалягічныя пункты


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомелі вырашана аднаўляць наркалягічныя пункты на буйных прадпрыемствах. Да такой высновы на падставе рэкамэндацыі наркалягічнага дыспансэру прыйшла гарадзкая камісія ў справе барацьбы з п’янствам.

Цяпер у рэгіёне на прадпрыемствах, без уліку транспартных арганізацыяў, дзейнічае толькі шэсьць наркалягічных пунктаў. У прыватнасьці, на галоўным заводзе “Гомсельмашу”, у аб’яднаньні “Гомельдрэў”, на Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне. У хуткім часе такія пункты будуць мець літаральна ўсе прадпрыемствы, дзе колькасьць рабочых перавышае 2,5 тысячы.

Чаму неабходна аднаўляць наркалягічныя пункты на прадпрыемствах? Пра гэта пытаюся ў галоўнага лекара абласнога наркалягічнага дыспансэру Вітольда Тумялевіча.

(Тумялевіч: ) “Канечне, сытуацыя сур’ёзная. Нездарма прыняты дзьве дзяржаўныя праграмы: па барацьбе з п’янствам і алькагалізмам і барацьбе з наркаманіяй. Мы павінны як мага раней выяўляць людзей, схільных да ўжываньня алькаголю, выкарыстоўваць пры гэтым адміністрацыйны і грамадзкі рэсурс Гэта ў шэсьць разоў паляпшае выніковасьць лячэньня”, — кажа галоўны лекар наркалягічнага дыспансэру спадар Тумялевіч.

Паводле ягонай інфармацыі, толькі сёлета ў рэгіёне ўзяты на улік звыш 4 тысяч чалавек, хворых на алькагалізм. На жаль, сярод іх нямала і падлеткаў. Больш як шэсьць тысяч асобаў пабывалі ўжо з пачатку году ў мэдвыцьвярэзьніку.

Намесьнік дырэктара заводу ліцьця і нармаляў у ідэалягічных пытаньнях Мікалай Кавалевіч распавядае, што без свайго наркалягічнага пункту ўжо не абысьціся:

(Кавалевіч: ) “У сувязі з тым, што п’яніц у мяне болей, чым дзе-небудзь у іншым месцы гораду, то наркалягічны пункт нам патрэбны. Добрага працаўніка цяпер ня знойдзеш. Да гэтага часу рабочых нападпітку мы накіроўвалі на праверку непасрэдна ў наркадыспансэр на вуліцы Дзям’яна Беднага. У нас ёсьць мэдпункт для праверкі кіроўцаў. Увядзем яшчэ паўстаўкі пасады нарколяга — і будзем правяраць рабочых на месцы. Думаю, гэта не прынізіць чалавека. Калі ты цьвярозы, няма чаго баяцца”.
XS
SM
MD
LG