Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыпынены працэс над былым старшынём Бедтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым


Алег Грузьдзіловіч, Менск 20 сьнежня пасьля тыднёвага перапынку гэтак і не аднавіўся працэс над экс-старшынём Белтэлерадыёкампаніі Ягорам Рыбаковым. Пра гэта са спасылкай на крыніцу ў Вярхоўным судзе паведаміла агенцтва Інтэрфакс. Паводле крыніцы, “справу забралі ў пракуратуру, абвінаваўчая частка будзе дапрацоўвацца з прычыны новых абставінаў”. У Вярхоўным судзе не выключаюць, што ў выніку дапрацоўкі ў справе Ягора Рыбакова зьявяцца іншыя эпізоды.

Працэс над Ягорам Рыбаковым цягнецца з пачатку лістапада. Ён праходзіў за зачыненымі дзьвярыма — нібыта з прычыны небясьпекі для сьведкаў. Ніякіх зьвестак адносна працэсу не паведамлялася. Вядома толькі, што суд двойчы абвяшчаў больш чым тыднёвыя перапынкі.

Пад вартай Ягор Рыбакоў знаходзіцца ужо больш за 10 месяцаў. Яго ўтрымліваюць ў сьледчым ізалятары КГБ. Рыбакова абвінавачваюць у атрыманьні хабару, яму пагражае да 15 гадоў турмы. Раней пракуратура Беларусі паведамляла, што на кватэры ў Рыбакова было знойдзена больш як паўмільёна даляраў.

Паводле зьвестак зь Вярхоўнага суду, працэс над Рыбаковым адновіцца напачатку 2005 году. Аднак некаторыя аглядальнікі не выключаюць і іншага разьвіцьця падзеяў.

34-гадовы Ягор Рыбакоў быў самым маладым старшынём Белтэлерадыёкампаніі. Прыканцы 1990-х гадоў ён працаваў кіраўніком магілёўскага абласнога тэлебачаньня, потым яго забралі ў Менск на пасаду намесьніка старшыні Белтэлерадыёкампаніі. А ў 2001 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, Аляксандар Лукашэнка асабістым загадам прызначыў Ягора Рыбакова кіраўніком дзяржаўнага тэлебачаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG