Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадсьвяточныя зьніжкі па-беларуску


Галіна Абакунчык, Менск Гандлёвыя прадпрыемствы краіны распачынаюць перадкалядны гандаль, а таксама сьвяточныя выставы-продажы і кірмашы. Яны заплянаваныя ва ўсіх буйных крамах краіны і будуць праводзіцца цягам сьнежня. Паводле адмыслоўцаў, перадсьвяточны гандаль у Беларусі нагадвае эўрапейскі толькі паводле формы.

Зьніжкі на некаторыя віды айчыннай прадукцыі ўсталяваныя ад 5 да 40%, але ў залежнасьці ад колькасьці ці якасьці набытага. Гэткім чынам, прамысловыя прадпрыемствы і крамы намагаюцца пазбавіцца ад заляжалага тавару. Вось што паведаміла кіраўніца ўправы Міністэрства гандлю Ніна Пашкова:

(Пашкова: ) “Швейная фірма робіць зьніжку да 20% на трыццаць мадэляў жаночых блюзак, але гэта ранейшыя мадэлі. Таксама фабрыка галаўных убораў распрадае капелюшы, якія не разышліся ўлетку”.

Паводле спадарыні Пашковай, далёка ня ўсе прадпрыемствы і крамы маюць магчымасьць памяншаць кошт сваёй прадукцыі. А таму некаторыя крамы робяць зьніжку толькі ад пэўнай сумы набытага, альбо ў якасьці заахвочваньня даюць дробныя сувэніры. Ці адчувальна гэта для спажыўцоў? — цікаўлюся ў пакупнікоў гандлёвага дому “На Нямізе”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці заўважылі вы гандлёвыя зьніжкі?”

(Спадарыня: ) “Ёсьць паніжаныя кошты на некаторыя тавары, але хацелася б яшчэ”.

(Спадар: ) “На гадзіньнікі была зьніжка на 10%. Канечне ж, хацелася б больш — мала бывае халявы”.

(Спадарыня: ) “Сказаць, што ёсьць вялікія зьніжкі, дык і ня скажаш”.

Перадкалядны распродаж і сьвяточныя зьніжкі на тавары эканаміст Яраслаў Раманчук пракамэнтаваў гэтак:

(Раманчук: ) “Тое, што зьніжкі на 15% ад такой альбо такой сумы — азначае, што людзі не разумеюць сутнасьці рынкавай эканомікі. І ўсё гэта стварае ілюзію для людзей і для чыноўнікаў. Але калі толькі імітаваць заходні прыклад, не ўнікаючы ў сутнасьць, то мы й маем тое, што маем”.

Паводле Міністэрства гандлю, цягам калядна-навагодніх сьвятаў гандлёвыя прадпрыемствы краіны мусяць правесьці каля 2 тысяч кірмашоў і 4 тысяч выставаў-продажаў. Гэта ў некалькі разоў больш, чым летась.
XS
SM
MD
LG