Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскія партыі ня могуць знайсьці новыя юрыдычныя адрасы, каб выканаць патрабаваньне Мінюсту


Марыя Ўсьціновіч, Крычаў Крычаўскія раённыя арганізацыі АГП і Народнай грамады занепакоены пошукам новых юрыдычных адрасоў, якія ў зьвязку з новымі патрабаваньнямі Мініюсту павінны быць па-за жылым сэктарам. Дэмакраты ня могуць знайсьці паразуменьня зь мясцовымі ўладамі і баяцца, што справа можа скончыцца ліквідацыяй партыйных структураў.

Крычаўскія дэмакраты зьвярнуліся ў райвыканкам з просьбамі даць магчымасьць арандаваць офісныя памяшканьні для партыйных арганізацыяў. Улады ім адмовілі.

Старшыня раённай арганізацыі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Лявон Сьвецік бачыць у гэтым палітычны ўціск.

(Сьвецік: ) “Мы крытычна ставімся да дзейнасьці мясцовых уладаў. Мы імкнемся сказаць гэта праз свае заявы і звароты. Сваю пазыцыю абвяшчаем у мясцовай незалежнай прэсе. Гэта вельмі не падабаецца мясцовым чыноўнікам”.

Намесьнік старшыні Крычаўскага райвыканкаму ў справах ідэалёгіі Сяргей Марозаў заявіў, што ўлады нічым не ўшчамляюць партыйныя арганізацыі дэмакратаў, але шукаць ім офісы — ня іх справа.

(Марозаў: ) “Партыя сама павінна думаць пра тое, дзе ёй месьціцца, юрыдычны адрас мець і ўсё астатняе. Няхай шукаюць!”

Між тым, мясцовыя арганізацыі і прадпрыемствы адмаўляюцца здаваць свабодныя плошчы ў арэнду апазыцыянэрам, без узгадненьня з раённай уладай. Пра гэта распавядае кіраўнік раённай суполкі АГП Сяргей Няроўны, які мае досьвед безвыніковага пошуку памяшканьня для рэдакцыі недзяржаўнай газэты “Вольны горад”.

(Няроўны: ) “Колькі мы не зьвярталіся і не шукалі памяшканьне, усе адмаўлялі. Ніводнага памяшканьня на тэрыторыі раёну няма, каб нам яго далі. Я мяркую, што тое ж самае будзе адбывацца і з партыяй. Райвыканкам можа проста забараніць”.

Сытуацыя ў Крычаве ўскладняеца давыбарамі ў абласны савет, якія пройдуць у раёне ў сакавіку. Прадстаўнікі АГП і Народнай грамады паводзіны мясцовых уладаў тлумачаць нежаданьнем мець легальныя партыйныя структуры, якія могуць вылучыць супернікаў кандыдатам ад улады.
XS
SM
MD
LG