Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі “Крышталь” распачне выраб трох новых гатункаў гарэлкі


Уладзімер Глод, Менск Напрыканцы кожнага году кіраўніцтва менскага аб’яднаньня “Крышталь”, якое вырабляе алькагольныя напоі, зьбірае журналістаў на традыцыйную прэсавую канфэрэнцыю. І хаця назоў яе штогод застаецца бязь зьменаў – “Вынікі году, пэрспэктывы разьвіцьця прадпрыемства” – кожны раз журналісты атрымліваюць новую інфармацыю.

З новай інфармацыі, агучанай на прэсавай канфэрэнцыі: паабяцалі, што традыцыйна на пачатку году, нават у студзені, у крамах зьявяцца новыя напоі. Гэта тры гатункі гарэлкі: “Хлебнае віно”, “Праполісавая” ды “Дачная”. Зразумела, мае калегі адразу папрасілі назваць адметнасьці новых гатункаў. Аднак кіраўніцтва “Крышталю” аджартавалася: маўляў, няхай гэта будзе таямніцай нават для журналістаў.

А калі казаць пра тэндэнцыі, то, перадусім – гэта зьмяншэньне вытворчасьці гарэлкі на карысьць вінаградных вінаў. Аналітыкі прадпрыемства лічаць, што ў Беларусі будзе штогод скарачацца колькасьць ужываемых моцных сьпіртовых напояў. Таму, паводле намесьніка генэральнага дырэктара Сяргея Машкова, прынятая стратэгія ўзнаўленьня другаснага вінаробства.

Сёлета, сьледам за малдаўскімі вінамі, “Крышталь” пачаў вырабляць віны на румынскай сыравіне, у 2005 годзе зьявяцца гішпанскія ды італьянскія віны. Вядуцца перамовы з вытворцамі віна ў Чылі. І гэта, на мой погляд, добра, паколькі доля вінаградных вінаў у агульнай вытворчасьці “Крышталя” сёлета складае ўсяго 3, 5%.

Гэта сапраўды, мабыць, добрыя зьмены на ўнутраным рынку, нейкае набліжэньне да Эўропы. Але я хацеў запытаць, пра тое, як ідуць беларускія напоі на зьнешні рынак. Вядома, што той жа “Ўсяслаў Чарадзей”, “Вадалей” ды іншыя беларускія гарэлкі мелі добры посьпех нават у Злучаных Штатах Амэрыкі. Але дзе найбольш шануюць беларускую гарэлку – гэта, перадусім, у Нямеччыне, Латвіі ды Літве.

Аднак прадаецца нашая гарэлка за мяжу дрэнна, пра што сьведчыць вось такая лічба: толькі 1% ад прадукцыі “Крышталя” ідзе на экспарт. І кіраўніцтва прадпрыемства гэта прызнае. Вось што сказаў з гэтай нагоды на прэсавай канфэрэнцыі галоўны маркетоляг Аляксандар Смаль:

(Смаль: ) “Канешне, працэнт экспарту ад агульнага аб''ёму вытворчасьці мізэрны. Але мы прымаем усе захады, каб наш экспартны патэнцыял узрос. Для гэтага мы заплянавалі на наступны год кардынальнае зьмяненьне нашага вэб-сайту. Будзем праводзіць і ўдзельнічаць у выставах”.

Цяжка паверыць у тое, што з дапамогай вэб-сайту можна значна павялічыць экспарт гарэлкі. Мабыць, ёсьць нейкія іншыя важкія прычыны, чаму беларускія напоі не карыстаюцца попытам за мяжой?

Самыя лепшыя гатункі ідуць за межамі Беларусі добра, але ж іхная колькасьць невялікая. Адмыслоўцы гавораць, што беларуская гарэлка, у сваёй асноўнай масе, губляе якасьць. Вось што гаворыць пра гэта Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Я магу сказаць пра тое, што я ведаю дасканала – якасьць нашай гарэлкі апошнім часам значна пагоршылася: льюць з канфіскату, з чаго толькі ні льюць. Таму страчваем канкурэнтаздольнасьць. Менавіта з гэтай прычыны мы губляем рынкі. Валавыя паказчыкі па-ранейшаму – самыя галоўныя. Але ж у апошні час мы ведаем, што асабліва ва Ўкраіне працэсы моцныя пайшлі, і цяпер там вельмі якасныя і канкурэнтаздольныя гарэлачныя напоі. І ў той жа Расеі”.
XS
SM
MD
LG