Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 гадоў таму памёр Георгій Колас


Вячаслаў Ракіцкі, Менск Учора мінула 10 гадоў з дня, калі ня стала яскравага тэатральнага і літаратурнага крытыка, пісьменьніка й кінадакумэнталіста Георгія Коласа. Ягоная спадчына – некалькі кніг пра беларускі тэатар, болей за два дзесяткі сцэнараў дакумэнтальных кінафільмаў і палемічнае дасьледаваньне “Карані мітаў” пра жыцьцё і творчасьць Янкі Купалы. У чым была прыцягальнасьць гэтай асобы і чаму яго многія лічаць адным з самых цікавых беларускіх крытыкаў 20-га стагодзьдзя?

З Георгіем Коласам нас зьвязвала прафэсія тэатральнага крытыка. За савецкімі часамі ў беларускай тэатральнай крытыцы не было прынята быць адзіночкам. Трэба было выступаць адзіным фронтам, ацэньваць мастацтва з пазыцыяў сацыялістычнага рэалізму й пераважна ў кампаніі члена-карэспандэнта Акадэміі навук Уладзімера Няфёда. А калі ты, як Георгій Колас, са сваімі ведамі й густамі сам-насам размаўляеш з тэатрам, значыць ты – дысыдэнт, вораг.

Афіцыйная крытыка яго пляжыла, а акторы слухалі крытыку Коласа, а не Няфёда зь ягонай кампаніяй. Колас быў свабодным у прафэсіі, і тым нашмат апярэдзіў час. Для многіх, вельмі многіх людзей ён быў нязручным у кантактаваньні, бо, ведаючы сабе цану, мог быць рэзкім і катэгарычным у ацэнках.

Дый ягоныя артыкулы на той час разбуралі жанр рэцэнзіі. Гэта хутчэй былі літаратурна-мастацкія эцюды. Колас меў талент пісаць так, што чытач нібыта бачыў спэктакль. А прачытаеш кнігі Коласа пра тэатар “Сучасьнік у грыме і бяз грыму” ці “Дыялёг праз рампу”, і маеш поўнае ўяўленьне пра спэктакль і праз дзесяцігодзьдзі. Плюс эфэкт прысутнасьці асобы самога крытыка.

А як узьнікла ягоная кніга пра Купалу – адна з самых дыскусійных прац у купалазнаўстве? Інтарэсы Георгія Коласа як крытыка былі скіраваныя на купалаўскі тэатар. Зрэшты, лепшы дакумэнтальны фільм пра Тэатар Купалы – “Купалаўцы” – быў створаны ім. А пасьля ён прыйшоў і да самога Купалы.

Кніга “Карані мітаў” выйшла праз чатыры гады пасьля сьмерці аўтара. Бяз позірку на афіцыйныя аўтарытэты, дасьледуе ён сьмерць Купалы і разбурае шматузроўневую міталёгію, якая склалася вакол яе. Выснову, якую робіш пасьля прачытаньня гэтай унікальнай кнігі супадае з высновай аўтара – “Беларуская галгофа сёньня ці ня скрозь населеная трагічнымі героямі”. Давайце паслухаем меркаваньне пра гэтую кнігу пісьменьніка Валянціна Тараса, які быў яшчэ і блізкім сябрам Георгія Коласа:

(Тарас: ) “З гэтай кнігай будуць спрачацца. Яе доказы будуць абвяргаць многія з тых, хто ў ёй названы – яе антыгероі, якія і па сёньняшні дзень авеяныя афіцыйнай славаю, творцы мітаў пра нашае мінулае. Будуць спрачацца, абвяргаць, але ніхто ніколі ня зможа замаўчаць гэтую кніжку, абыйсьці, зрабіць выгляд, што яна не існуе”.

Напэўна, многія думаюць: ці ня ёсьць Георгі Колас сваяком Якуба Коласа? Не. Дарэчы, людзі ў яго часта пра гэта пыталіся. Спачатку Георгія Данілавіча гэта раздражняла. А пазьней ён прыдумаў жарт: “Не, але сувязь ёсьць – Якуб Колас – вялікі, а я – высокі”. Меў на ўвазе свой рост.

Што да сям’і, дык ягоныя сыны таксама сталі знакамітасьцямі. Старэйшы, Уладзімер – дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэю, старшыня Рады беларускай інтэлігенцыі. А малодшы, Зьміцер – вядомы перакладчык французкай літаратуры.

І на заканчэньне прапаную паслухаць голас самога Георгія Коласа, запісаны незадоўга да ягонай сьмерці, і ў гэтым выказваньні ён такі, якім і быў.

(Голас Георгія Коласа: ) “Мой унук нядаўна прынёс “5” за сачыненьне па раману Кузьмы Чорнага. Я ня здолеў павіншаваць яго. Мне было горка. Спадзяюся, што мае малодшанькія ўнучкі будуць вывучаць той час па іншых творах. Перш за ўсё, па аповесьцях Быкава “Аблава”, “Знак бяды”. Хай іх асталюе змалку быкаўскі – маральны – клімат. Потым хай чытаюць, вывучаюць Кузьму Чорнага. Адно баюся, каб не зачапіла іх раздрайная дурнота нашых сёньняшніх газэт. Іх часам брыдка нават узяць у рукі, так ад іх патыхае жырыноўшчынай, дзе кропля папулісцкай праўды ў цэбры бессаромнае маны”.
XS
SM
MD
LG