Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падробкай купюраў 10-тысячнай вартасьці пры дапамозе кампутарнай тэхнікі займалася група падлеткаў


Падрыхтаваў Міхал Стэльмак Агляд незалежнага друку

Штотыднёвік “Беларускі рынак” у сьвежым нумары разважае над прычынамі нядаўняга арышту генэральнага дырэктара наваполацкага прадпрыемства “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага. Паводле выданьня, ёсьць дзьве вэрсіі чарговага зьняволеньня аднаго з прадстаўнікоў беларускага дырэктарскага корпусу. Згодна з інфармацыяй “Беларускага рынку”, адна з камэрцыйных фірмаў прадаставіла “Нафтану” ільготны крэдыт на набыцьцё нафты. Пасьля перапрацоўкі сыравіны прадпрыемства рэалізавала нафтапрадукты таксама па заніжаных коштах, а розьніца паміж рэальнай вартасьцю і цаной продажу была нібыта скрадзена.

Паводле другой вэрсіі, арышт спадара Часнавіцкага цесна зьвязаны з крымінальнай справай экс-кіраўніцы справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай. Былой прадстаўніцы бліжэйшага атачэньня Аляксандра Лукашэнкі, як вядома, інкрымінуюцца махлярствы з продажам нафты. Дык вось, гэтая нафта нібыта й перапрацоўвалася на наваполацкім нафтаперапрацоўчым заводзе.

“Кур’ер з Барысава” інфармуе сваіх чытачоў пра частыя апошнім часам візыты ў гэты горад буйных урадавых чыноўнікаў. У лістападзе, напрыклад, у Барысаве прыём грамадзянаў вялі міністар унутраных спраў Уладзімір Навумаў і міністар фінансаў Мікалай Корбут. А зусім нядаўна горад наведалі яшчэ два вядомыя кіраўнікі рэспубліканскіх міністэрстваў: Леанід Мальцаў і Аляксандр Радзькоў. І калі спадары Навумаў і Корбут імкнуліся сьцьвердзіць у вачох барысаўчанаў думку пра неабыякавасьць дзяржавы да іх прававых і фінансавых праблемаў, то міністры абароны і адукацыі прыяжджалі сюды за пошукам рэцэптаў ідэалягічнага ўплыву на моладзь. У Барысаве, як вынікае з публікацыі, адбыўся рэспубліканскі сэмінар, дзе ваенна-патрыятычнае выхаваньне разглядалася як галоўны накірунак ідэалягічнай працы ў школах.

А вось на Берасьцейшчыне моладзь, замест ідэалягічных установак, актыўна засвойвае ўрокі крымінальнага бізнэсу. Як паведамляе ў сёньняшнім нумары “Брэсцкая газэта”, у Баранавічах днямі былі зафіксаваны факты выкарыстаньня фальшывых грошай. Спачатку ахвярай фінансавых махляроў стала мясцовая пэнсіянэрка, якая гандлявала яблыкамі на баранавіцкім рынку. Яшчэ адна жыхарка Баранавічаў прынесла грошы ў банк, якія, аднак, таксама аказаліся падробнымі. Супрацоўнікі мясцовых праваахоўчых органаў пачалі разблытваць клубок фінансавых злачынстваў і выйшлі на сьлед “фальшываманэтчыкаў”. Як высьветлілася, падробкай купюраў 10-тысячнай вартасьці пры дапамозе кампутарнай тэхнікі займалася моладзевая група, у складзе якой былі два школьнікі, 17-гадовы навучэнец прафэсійна-тэхнічнай вучэльні і 18-гадовы беспрацоўны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG