Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калядная зорка на беларускіх манэтах


Алесь Дашчынскі, Менск 20 сьнежня Нацыянальны банк Беларусі выпускае ў абарачэньне памятную манэту “Каляды” ў сэрыі “Сьвяты і абрады беларусаў”: срэбраную – вартасьцю ў 20 рублёў і медна-нікелевую – у адзін рубель. На рэвэрсе, на фоне прыроднага ляндшафту адлюстраваная рэльефная выява каляднай зоркі, прычым на срэбранай зорка аздоблена сынтэтычным крышталём блакітнага колеру.

Па баках ад каляднай зоркі – рэльеф беларускага арнамэнту з элемэнтамі матыву калядных сьвятаў. Завяршае кампазыцыю надпіс па крузе – “Каляды”.

Абедзьве манэты выйшлі накладам па 5 тысяч штук. Яшчэ адна дэталь – адбітая калядная манэта ў Літве, гэтак жа як і папярэдняя манэта з гэтай сэрыі, якая выйшла ў гэтым годзе і была прысьвечаная Купальлю. Беларускія манэты карыстаюцца попытам, цьвердзіць начальнік управы інфармацыі Анатоль Драздоў:

(Драздоў: ) “Манэты разыходзяцца вельмі хутка, цэняцца ў калекцыянэраў за незвычайны дызайн, таму апошнім часам мы ня маем праблемаў з рэалізацыяй манэт. Дарэчы, вельмі шмат манэтаў купляюць калекцыянэры з Расеі, там беларускія манэты добра ведаюць”.

У Менску калядную манэту Нацбанку можна набыць ужо ад заўтрашняга дня, і яна будзе файным падарункам да сьвятаў. Срэбраная манэта каштуе 19 даляраў, а мэдна-нікелевая ўсяго крыху больш за 3 даляры. Добрай пакупкі!
XS
SM
MD
LG