Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады не пусьцілі 250 апазыцыйных экс-кандыдатаў у будынак Міжнароднага адукацыйнага цэнтру


Альгерд Невяроўскі, Менск 19 сьнежня ў Міжнародным адукацыйным цэнтры павінна была адбыцца навукова-практычная канфэрэнцыя “Беларусь пасьля выбараў і рэфэрэндуму: пэрспэктывы разьвіцьця”. У канфэрэнцыі мелі браць удзел 250 былых кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычных сілаў. Удзельнікі канфэрэнцыі выказалі свой пратэст з нагоды забароны мерапрыемства і правялі яе першую сэсію проста на прыступках адукацыйнага цэнтру.

Прыкладна 250 былых кандыдатаў у дэпутаты ад дэмакратычных сілаў, якія прыехалі ў Менск з розных рэгіёнаў Беларусі сабраліся 19 сьнежня на пляцоўцы каля Міжнароднага адукацыйнага цэнтру. Але дзьверы ў памяшканьне былі зачыненыя. Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька сказаў, што ў пятніцу ўвечары арганізатарам канфэрэнцыі патэлефанавалі чыноўнікі зь Менскага гарвыканкаму й паведамілі, што “мерапрыемства ня будзе, яно забароненае”.

Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “ Раней я думаў, што беларуская ўлада хлусьлівая, а цяпер я бачу, што яна яшчэ й баязьлівая. Сёньня – гэта нішто іншае, як дэманстрацыя страху. Нам проста не даюць мажлівасьць сустрэцца. Гэта значыць, што было прынятае палітычнае рашэньне, і я разумею чаму. Таму, што гэтыя 250 кандыдатаў, якія тут сабраліся – гэта рэальная сіла”.

Анатоль Лябедзька гаворыць, што за гэтых 250 чалавек паставілі свае подпісы паўмільёна беларускіх грамадзянаў, і, паводле сацыялягічных дасьледаваньняў, ня менш як 40 чалавек зь іх павінны былі атрымаць дэпутацкі мандат. Яны маюць свае каманды й гатовыя працаваць. А ў Менск яны прыехалі каб падтрымаць адзіную стратэгію дзеяньняў дэмакратычных сілаў у падрыхтоўцы да прэзыдэнцкіх выбараў.

Вось як рэагавалі на забарону ўладаў былыя кандыдаты ў дэпутаты. Гаворыць народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) “Абураюся! І сорамна за ўлады, калі вось такое стаўленьне да дэмакратыі, да людзей, якія хочуць выказацца. Больш за ўсё мне шкада людзей, якія прыехалі зь іншых рэгіёнаў. Хай бы людзі абмяняліся думкамі. Ну чаго так баіцца ўлада? Але ж баіцца, і ёй ёсьць чаго баяцца”.

А вось як ацэньвае дзеяньні ўладаў былы кандыдат у дэпутаты ад Партыі камуністаў з Капыльскага раёну Віктар Дашкевіч:

(Дашкевіч: ) “Гэта яна ўжо робіць на працягу 10 гадоў. Давіць, душыць людзей, не выконвае нават сваіх законаў, якія сама ж і піша”.

Першую сэсію ўдзельнікі канфэрэнцыі правялі проста на прыступках Міжнароднага адукацыйнага цэнтру. Выступалі Анатоль Лябедзька, Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Станіслаў Шушкевіч ды іншыя апазыцыйныя палітыкі, якія заклікалі былых кандыдатаў тлумачыць людзям у сваіх рэгіёнах, што прыхільнікаў пераменаў у Беларусі большасьць. Вось, што сказаў лідэр Маладога фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Улада, якая забараніла гэтую канфэрэнцыю, цудоўна ведае, што на поўдзень ад Беларусі ляжыць такая краіна як Украіна, у якой зараз адбываецца тое, чаго баіцца лукашэнкаўскі рэжым. Самай галоўнай задачай зараз зьяўляецца даказаць людзям, што нас з вамі большасьць”.

Другая сэсія канфэрэнцыі пройдзе ў бліжэйшы час у адной з суседніх зь Беларусьсю краінах.
XS
SM
MD
LG