Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь эмігруюць з Азіі, а зь Беларусі – у Эўразьвяз, ЗША і Канаду


Любоў Лунёва, Менск 18 сьнежня – Сусьветны Дзень мігрантаў. Прадстаўнікі Дэпартамэнту ў грамадзянстве й міграцыі прадставілі інфармацыю аб міграцыйнай сытуацыі ў Беларусі – колькі чалавек маюць статус уцекачоў, колькі так званых “нелегалаў” затрымалі на тэрыторыі краіны – але колькасьць беларускіх грамадзянаў у замежжы невядомая.

Сёлета супрацоўнікі праваахоўчых органаў выявілі 120 груповак так званых “нелегалаў”. Намесьнік кіраўніка дэпартамэнту Аляксей Бягун назваў лічбу 24 800 – столькі іншаземцаў прыцягнулі да адказнасьці за парушэньне правілаў знаходжаньня й транзытнага праезду праз тэрыторыю Беларусі.

Больш за тры тысячы беларускіх грамадзянаў пакаралі за тое, што не забясьпечылі іншаземцам выкананьне правілаў знаходжаньня. Больш за 2 000 іншаземцаў дэпартавалі з краіны, палову зь іх – пад канвоем. Аляксей Бягун абвінаваціў нелегальных мігрантаў у распаўсюдзе арганізаванай злачыннасьці.

(Бягун: ) “Чым займаюцца незаконныя мігранты? Перш за ўсё – гэта незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць. Частка зь іх займаецца крымінальным бізнэсам – гэта й гандаль наркотыкамі, зброяй і перапраўкай сваіх суайчыньнікаў за мяжу. Але казаць пра тое, што яны істотна ўплываюць на правапарадак у Беларусі, не даводзіцца. Канечне, часам іншаземцы зьдзяйсьняюць так званыя гучныя злачынствы, зьвязаныя з жорсткасьцю і незвычайнасьцю для Беларусі. Знаходжаньне такой групы асобаў заўсёды бяруць пад пільны кантроль”.

Выканаўца абавязкаў кіраўніка менскага спэцпрыёмніка Міхаіл Шабанаў паведаміў Радыё Свабода, што цягам году ў камэры спэцпрыёмніка трапляюць нелегальныя мігранты.

(Шабанаў: ) “Індыя, Аўганістан, са Шры-Ланкі група была, Кітай, Віетнам, а цяпер Ірак і Іран – гэта асноўныя краіны, адкуль нелегалы. Яны ў нас, а потым іх забіраюць прадстаўнікі дэпартамэнту і самі дэпартуюць. Іх няма пакуль дзе трымаць. Магчыма, пабудуюць лягеры і будуць трымаць іх там”.

Ня толькі беларускія грамадзяне просяць прытулку ў замежжы. 800 чалавек маюць статус уцекачоў у Беларусі. Большасьць зь іх – былыя грамадзяне Аўганістана і афрыканскіх краінаў. Сёлета ўцекачамі сталі 11 грамадзянаў Аўганістану і 6 – Грузіі.

Дакладную лічбу беларускіх грамадзянаў, якія маюць статус уцекачоў у іншых краінах, прадстаўнікі Дэпартамэнту не назвалі, спаслаўшыся на адсутнасьць адпаведнай статыстыкі. Невядома таксама і колькі беларусаў выяжджае ў замежжа на заробкі. Вядома, што сёлета 2000 чалавек заключылі працоўныя дамовы, каб зьехаць у краіны Эўразьвязу. Але для таго, каб працаваць у Расеі, папярэдніх дамоваў ня трэба, а туды штогод едуць дзесяткі тысячаў чалавек.

Супрацоўнікі Дэпартамэнту казалі пра тое, што шмат беларусаў пакідаюць краіну назаўсёды. Большасьць зь іх селіцца ў краінах Эўразьвязу, Канадзе і ЗША. Галоўным чынам гэта – аб’яднаньне сям’і і атрыманьне палітычнага прытулку. Тысячы беларусаў просяць прытулку ў замежжы, але далёка ня ўсім адказваюць станоўча. Супрацоўнікі дэпартамэнту паведамілі, што сёлета некалькі былых грамадзянаў Беларусі, якія раней эмігравалі ў Ізраіль, вярнуліся жыць на Бацькаўшчыну, але пакуль у якасьці іншаземцаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG