Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці палепшылася Вашае жыцьцё ў 2004 годзе?


Міхал Стэльмак, Менск З гэтым пытаньнем да мінакоў на менскіх вуліцах зьвярнуўся наш карэспандэнт.

(Спадар: ) “На адным узроўні. Ні туды ні сюды. Улада нам абыякавая, мы ўладзе таксама”.

(Маладая спадарыня: ) “У нас, напрыклад, трошкі горш, таму што мы пераехалі, а новы пераезд – гэта новыя расходы”.

(Спадарыня: ) “Грошай ніколі не хапае. Але ў прынцыпе, калі працуеш, калі ёсьць жаданьне працаваць, то жыць можна”.

(Іншая спадарыня: ) “Скардзіцца не выпадае. Жывём паводле магчымасьці. Трэба неяк зводзіць канцы з канцамі”.

(Пэнсіянэрка: ) “Хлеб ёсьць, слава богу. Самае галоўнае – хлеб, вось што. Вады ў нас толькі няма, во бяда. Але прэзыдэнт нам вады ж не прынясе. І здароўе каб было. Але прэзыдэнт нам здароўя ня дасьць”.

(Іншая пэнсіянэрка: ) “Ну, усё добра. Хапае ўсяго, дзякуй богу. Адно грошы...”

(Спадар: ) “Як было, так і ёсьць”.

(Іншы спадар: ) “Вы ведаеце што, няблага. Пэнсію павялічылі. 224 пэнсія ў жонкі, і ў мяне 204. Можна жыць”.

(Карэспандэнт: ) “Ці палепшала вашае жыцьцё ў 2004 годзе?”

(Маладая спадарыня: ) “Лепш, чым у мінулым. Хоць я дома сяджу зь дзіцём, цяпер ня надта многа за гэта плацяць, затое ў мужа заробак падвысіўся”.

(Спадарыня: ) “Ну канечне”.

(Пажылая спадарыня: ) “Нічога не палепшала, бо ўсё зноў падаражэла. Як каўбасы, так і хлеб. Прыбавілі там 5 тысяч, а ўсё падаражэла як халера. Дзе ж яно палепшала”.

(Спадар: ) “Трэба плаціць цяпер во за бытавыя паслугі, чакаеш, як страшнага сну, як яны – падаражэюць ці не падаражэюць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Хай прыбавілі там пэнсіі, заробкі, але цэны растуць з кожным днём. У мяне дах цячэ, пуня цячэ, і я не магу купіць шыфэру. У старым ходзім, нічога мы не купляем”.

(Карэспандэнт: ) “Ці набылі вы сёлета нейкую абноўку?”

(Пэнсіянэрка: ) “Не”.

(Іншая пэнсіянэрка: ) “Адзёжы ніякай не купляю, мне людзі панадавалі і сукенак, і паліто во далі, нашу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці палепшыўся ў 2004 годзе дабрабыт вашай сям’і?”

(Спадарыня: ) “Палепшыўся. Ня скарджуся на жыцьцё, добра жыву”.

(Маладая спадарыня: ) “Агульны дабрабыт сям’і павялічыўся. Мы ў гэтым годзе набылі сабе той жа тэлевізар”.

(Пажылы спадар: ) “У гэтым годзе, я вам скажу, горш стала, а ня лепш. Таму што ўсё даражэе, да нічога добрага ня йдзе, да горшага ідзе”.

(Карэспандэнт: ) “А хто ў гэтым вінаваты?”

(Пажылы спадар: ) “Я так разумею, гаспадар вінаваты. Гэтага гаспадара гнаць трэба”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG