Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За Сталінам былі рэпрэсаваныя 1 мільён 350 тысячаў беларускіх сялянаў


Ганна Соусь, Менск 18 сьнежня ў Менску ў штаб-кватэры партыі БНФ распачаліся грамадзкія слуханьні “Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі”, у якіх узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай філіі Міжнароднага гісторыка-асьветніцкага таварыства “Мэмарыял”, грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапатаў”, а таксама ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Тэмай сёньняшніх слуханьняў сталі “Рэспрэсіі супраць сялянства ў Беларусі”.

Гэта – першыя грамадзкія слуханьні на тэму злачынстваў сталінізму ў Беларусі. Гаворыць адзін з арганізатараў, сябра грамадзкага аб’яднаньня “Дыярыуш” Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Тэма рэпрэсій таталітарнага рэжыму дагэтуль застаецца актуальнай і надзённай для Беларусі, і можа быць больш актуальнай для нашых краінаў-суседзяў. Тэма дзяржаўнага тэрору не была ў пэўнай ступені асэнсаваная ў Беларусі, і мы бачым, як пэўныя рысы таталітарных падыходаў да грамадзтва зараз вяртаюцца. Ідэя гэтых слуханьняў у пэўнай ступені пераклікаецца зь ідэяй трыбуналу над сталінізмам, але мы вырашылі ня браць такую крыху прэтэнцыёзную назву “трыбунал”, а абмежавацца гэтым паняцьцем “слуханьні”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў у гэтай сувязі згадаў гэтак званы “Нюрнбэрг-2”, судовы працэс над камунізмам, які прайшоў у 2000 годзе ў Вільні. Нягледзячы на тое, што разам з прадстаўнікамі 22 краінаў сьвету на ім прысутнічалі й беларусы, подпіс ад Беларусі пад абвінаваўчым заключэньнем пастаўлены ня быў.

(Кузьняцоў: ) “Абвінаваўчага заключэньня ад Беларусі не было, і таму пытаньне засталося адкрытым. З майго пункту гледжаньня “Нюрнбэрг-2” не прайшоў без сьлядоў для прадстаўнікоў 22 краінаў, якія там удзельнічалі, але прайшоў бяз вынікаў для Беларусі”.

Гісторык Ігар Кузьняцоў лічыць, што ў Беларусі ад сталінскіх рэпрэсіяў пацярпелі каля 2 мільёнаў чалавек, сярод іх – 1 мільён 350 тысячаў сялянаў. Афіцыйнай жа статыстыкі ў гэтым пытаньні дагэтуль няма.

Падчас грамадзкіх слуханьняў выступалі людзі, якія зьведалі пакуты сталінскіх лягераў. Адзін з іх, Эдуард Быліна, які разам зь сям’ёй у 1935 годзе быў высланы з Узьдзенскага раёну ў Сыбір, згадвае, як ставіліся да дзяцей “ворагаў народа” супрацоўнікі НКВД:

(Быліна: ) “Быў камэндант у нас, кат такі. Калі ён праходзіць, дык мы павінны былі ўскочыць і сказаць “Здравия желаю”. Я неяк яго не заўважыў, дык ён мне сапагом з падкоўкай так рубаноў па назе, што разрубіў нагу. Я паўгады хадзіць ня мог”.

Гэтыя ўспаміны прагучалі сёньня падчас грамадзкіх слуханьняў. Заплянаваная сэрыя аналягічных імпрэзаў, якія будуць праводзіцца раз на месяц. Мяркуецца, што будуць заслуханыя даклады аб рэпрэсіях супраць інтэлігенцыі, ваеннапалонных, розных групаў насельніцтва паводле рэлігійнай прыналежнасьці, а таксама аб праблеме рэабілітацыі рэпрэсаваных. Падсумаваньне грамадзкіх слуханьняў “Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі” адбудзецца ў наступным годзе блізу 30 кастрычніка, калі ва ўсім сьвеце будзе адзначацца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG