Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Прыватны дзёньнік: Андрэй Скурко


Андрэй Скурко, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя зацемкі зь мінулага тыдня прадстаўляе намесьнік галоўнага рэдактара газэты “Наша Ніва” Андрэй Скурко.

Нядзеля, 12 сьнежня

З раніцы нечакана парадавала сонца. Ужо і не згадаю, калі яго бачыў апошні раз. Цэлыя тыдні жывеш, нібыта ў мяху: дні болей нагадваюць паўзмрочную палярную ноч.

Увечары трапіў на канцэрт, прысьвечаны гадавіне музычнага сайту “Тузіну гітоў”, на малую сцэну Палацу рэспублікі. Пакуль чакаў пачатку, разглядаў тамтэйшыя інтэр’еры. Праектаваныя ў 1980-х геамэтрычныя гранітныя міні-пустэльні з скуранымі фатэлямі й фантанам раптам нагадалі ўбраньне катэджу польскага мафіёзі зь фільму “Кілер” рэжысэра Махульскага. Не стае хіба басэйну, у які можна было б, згодна зь сюжэтам, кінуць тэлевізар.

Хоць уваход каштаваў нямала, канцэрт сабраў амаль поўную залю. У асноўным — дваццацігадовыя, інтэрнэт-моладзь. Многія набылі квіткі, пачуўшы, што яны слаба разыходзяцца і праз гэта імпрэза можа не адбыцца. Першы раз ужывую пачуў гурт “Індыга”, пераможцаў леташняга “Басовішча”. Сапраўды новы варты твар у нашай музыцы. У вакалісткі Русі магутны плястычны голас, дзе трэба — шапаткі, дзе трэба — сталёвы. У дадатак — артыстызм і адэкватнасьць. Нібыта не сьпявае, а пражывае кожную песьню. Нездарма ёй піша тэксты паэт Андрэй Хадановіч, а голас, кажуць, ставіць кіраўнік хору “Унія” Кірыла Насаеў.

Была ў канцэрце і “Крама” з старымі гітамі. Яе “Слуцкую браму” падпявала ўся заля — як на канцэртах “Улісу” сьпяваюць “Радыё Свабода”. “Крама”, “Уліс” і “Бонда” аб’яднаныя загадкавай асобай бубнача Сяргея Кныша. “Слуцкая брама” — яго тэкст. Як і “Стэфка”, і ўсе славутыя бондаўскія песьні. Бязь іх мо не было б пазьней “Народнага альбому”, іншых вызначальных культурных праектаў. Дзе цяпер Сяргей Кныш? Куды ён прапаў, зрабіўшы сваю справу?

Панядзелак, 13 сьнежня

Працоўны тыдзень пачынаецца, як і мінулыя чатыры, чытаньнем навінаў з Украіны. Праўда, зь меншай ужо цікавасьцю і непакоем — да 26-га, дня перагаласаваньня, наўрад ці што кардынальна там зьменіцца. Сто гадоў таму колерам свабоды, надзеі й пераменаў быў чырвоны. Пад чырвоным сьцягам выходзілі змагацца за сацыяльныя правы і права нацыяў на самавызначэньне. У чырвоную ідэалёгію шчыра паверылі і многія беларусы-патрыёты.

Сёньня колерам пераменаў зрабіўся аранжавы. Выйдзі на плошчу з аранжавым сьцягам, бантам, шалікам — цябе зразумеюць. Колер модны. З кожным “памаранчавым” хочацца папросту вітацца на вуліцы. Часам нават сьмешна: мо чалавек абсалютна індыфэрэнтны да Юшчанкі ў прыватнасьці й дэмакратычных каштоўнасьцяў у цэлым, ну проста няма ў яго іншага шаліка, апроч аранжавага. А ты яго туды ж — у апазыцыю. У палітры беларускіх прэзыдэнцкіх выбараў 2001-га таксама была аранжавая кропля. Памаранчавымі, ці, хутчэй, маркоўнымі былі сонейкі на белых саколках-“выбірайках”. Але не падышла тады як сьлед нашая маркоўная рэвалюцыя.

На вуліцы Леніна — новая кнігарня. Здаецца, раней у тым памяшканьні прадавалі вопратку. Натрапіў на нябачаную раней кніжку Чарлза Букоўскага, якога пачаў чытаць пасьля публікацыі ў “Arche”. Касірка выбівае. Кажа, “Заходзьце яшчэ”. — “Абавязкова”. Усьміхаемся адно аднаму.

Букоўскі — брутальны, расхрыстаны і разам з тым нечакана глыбокі й мудры, добра чытаецца ў мэтро. А вось Гарэцкі — таксама выдатнае зімовае чытво — лепей дома.

У аўторак і сераду было вельмі многа работы. Павелічэньне колькасьці старонак “Нашай Нівы” з Новага году вымагае падрыхтоўкі.

Беларусы, напэўна, усясьветныя рэкардысты па інтравэртнасьці. 00.59. Тралейбусны прыпынак. З мэтро выходзіць пару чалавек. Чакаць на грамадзкі транспарт бессэнсоўна. Нават у такім безнадзейным выпадку не заўжды знойдзецца каму парушыць зьмерзлае маўчаньне прапановай скласьціся на таксоўку. Сёньня, зважаючы на холад і стому, упершыню ўзяў ініцыятыву на сябе: хлопцы, каму на Серабранку? Урэшце, селі ўтрох. Хутка і досыць танна даехалі.

Выпадкова падслухаў у аўтобусе чарговы варыянт легенды пра тое, як просты з выгляду чалавек паставіў на месца даішніка-хама: камандзірскім голасам загадаў таму “атайці” — “падайці” — “аддаць чэсьць”. Такія гісторыі — спроба чалавека, прыніжанага таталітарызмам, атрымаць хоць маральную сатысфакцыю. Глыбока яшчэ сядзіць у нас вера ў тое, што дракона можа перамагчы толькі іншы дракон. Не ўкладаецца пакуль у галаве, што неадэкватнага супрацоўніка сілавых структураў трэба не палохаць ўяўнымі пагонамі з большымі зоркамі, але сарамаціць народнымі грашыма, за якія ён жыве.

У чацьвер у Купалаўскім тэатры — “Ідылія”. Пасьля доўгага перапынку. Яна мусіла ісьці яшчэ месяц таму, але тады спэктакль перанесьлі: мусіў прыехаць на гастролі кіеўскі тэатар імя Івана Франка. Ды ўкраінцы ўсё адно ня выступілі. На знак пратэсту супраць таго, што беларускія ўлады павіншавалі Януковіча зь перамогай на прэзыдэнцкіх выбарах.

На “Ідылію” дзён за пяць да спэктаклю купляў перадапошнія квіткі. Вельмі з гэтага цешыўся. Увайшоўшы ж пабачыў, што ледзь не палова залі запоўненая арганізавана прыведзенымі школьнікамі. Акторы нават, мне падалося, крыху падстройваліся пад аўдыторыю. Дадавалі павярхоўных сьмехавых момантаў, пераігрывалі. Але фінал, — нямая сцэна жаху, калі гіганцкі паветраны шар, на якім зьбіраліся ўзьняцца шчасьлівыя героі ідыліі, шыпіць і пагрозьліва хіліцца, усё згладжвае і гарманізуе. Уласна, рушыцца ўвесь іх утульны сьвет. “На парозе стаяла восень, пагражаючы пісталетам”. Рэжысэр-пастаноўшчык “Ідыліі” й “Тутэйшых” Пінігін і аўтар “Народнага альбому” Міхал Анемпадыстаў сышліся ў акцэнтах. З чалавекам можна рабіць усё, што захочацца, калі адабраць уласны, прыватны сьвет.

Пятніца. Ранак. Ізноў сонца сьлепіць вочы, перашкаджае што-кольвек бачыць на маніторы кампутара. Хутка ашалелы ад яго ўвагі тэрмомэтар за акном пакажа плюс дваццаць, хоць на дварэ наўрад ці больш з нуль. Сёлета зіма ня мае правілаў. Ні ў прыродзе, ні ў палітыцы. Адзінае, што вядома напэўна — яна немінучая. Будзе халаднець, трэба сьцерагчыся хваробы і коўзкага лёду пад нагамі. Але ці ўжо заўтра замарозіць, ці працягнецца адліга з брыдкім дажджом — хто ведае. Трэба годна пражыць гэтыя цёмныя дні — з думкай пра хуткія Каляды, а пасьля — пра набліжэньне вясны, якая таксама абавязкова прыйдзе да нас у сваю пару.
XS
SM
MD
LG