Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вобыск ці ператрус?


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Сучасныя беларускія слоўнікі фіксуюць назоўнік вобыск, аднак карыстальнікі мовы гэтага слова ўсё часьцей унікаюць. Сярод сучасных лексычных сродкаў вобыск выглядае на несыстэмнае, неабавязковае слова. Чаму вобыск, калі нечага шукаюць? Каб знайсьці нешта хаванае, памяшканьне, напрыклад, можна абшукаць, абшукваць. Ад гэтых дзеясловаў ёсьць у мове назоўнікі абшукваньне й вобшук. Назоўнік вобшук – факт літаратурнага маўленьня, вынік сьвядомых уцёкаў ад вобыску, “не падмацаванага” беларускімі дзеясловамі шукаць і абшукваць. Зрэшты, апрача вобшуку, маем і больш традыцыйнае для нашае моўнае прасторы слова – назоўнік ператрус. Ператрус – ад дзеяслова ператрусíць, сынанімічнага літаратурнаму ператрэсьці (кажуць, напрыклад, што ператрусілі адзеньне). Дарэчы, ператрэсьці й трэсьці – шматзначныя дзеясловы, і адно зь іх значэньняў зьвязанае з вобшукам, ператрусам. Па-беларуску можам, да прыкладу, сказаць, што міліцыя трэсла або ператрэсла кватэру – значыць, зрабіла, правяла ў кватэры ператрус.

Называючы сьледчае дзеяньне, скіраванае на атрыманьне довадаў у крымінальнай справе, аддаем перавагу празрыстым беларускім словам вобшук і ператрус – ня злоўжываем несыстэмным назоўнікам вобыск.
XS
SM
MD
LG