Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэдактар польскага часапісу “Эўропа”: Беларусь магла б далучыцца да Эўразьвязу раней за Турэччыну


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Вядомы польскі экспэрт, дырэктар Бюро аналітычных экспэртызаў польскага Інстытуту міжнародных справаў і рэдактар навуковага квартальніка “Эўропа” Славамір Дэмбскі лічыць, што Беларусь магла б далучыцца да Эўрапейскага зьвязу нават раней, чым Турэччына.

У размове з нашым карэспандэнтам спадар Дэмбскі сказаў:

(Дэмбскі: ) “Турэччына ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў намагаецца стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу і, маючы перад сабой прыклад 10 новых краінаў, што далучыліся да аб’яднанй Эўропы, туркі значна паскорылі рэфармаваньне сваёй краіны.

Беларусь, будучы часткай Савецкага Саюзу, ня мела магчымасьці заявіць пра сваё жаданьне стаць сябрам Эўразьвязу. Таму і ў самой Беларусі ня ўсе перакананыя, ці варта гэта рабіць, і што такое ўвогуле гэты Эўразьвяз.

Трэба каб прайшло крыху часу. Канечне, той факт, што Эўразьвяз гатовы пашырацца, нягледзячы на рэлігійныя ці гістарычныя падзелы, гэта вельмі пазытыўны сыгнал і для беларусаў.

Яны павінны зразумець: тое што беларусам давялося 70 гадоў жыць у СССР, тое, што большасьць беларусаў праваслаўныя ці яшчэ нешта – не пазбаўляе іх шансаў на далучэньне да Аб’яднанай Эўропы.

І ня праўда, што беларусы нікому ў Эўразьвязе непатрэбныя. Калі прымуць туркаў-мусульманаў, дык чаму не прыняць праваслаўных беларусаў? Калі б Менск цягам бліжэйшых 10 гадоў сур’ёзна заявіў пра сваё жаданьне далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, дык, на маю думку, рашэньне аб прыняцьці Беларусі ў Эўразьвяз было б прынятае раней, чым Турэччына стане сябрам Эўразьвязу”.

Больш падрабязная размова са спадаром Славамірам Дэмбскім – у перадачы “Праскі акцэнт” у нядзелю.
XS
SM
MD
LG