Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнкава хакейная каманда гуляе ў Алматы, а ахова перакрыла доступ на курорт, пакуль там катаўся Лукашэнка


Юры Сьвірко, Менск Пасьля таго, як 10 сьнежня Аляксандар Лукашэнка прыняў прэм’ер-міністра і старшыню ВАК, афіцыйная хроніка дзейнасьці прэзыдэнта фіксуе толькі віншаваньні: напрыклад, сёньня кінэматаграфістам, а ўчора каралю Бахрэйну й прэзыдэнту Казахстану з нацыянальнымі сьвятамі. Нурсултана Назарбаева спадар Лукашэнка таксама павіншаваў пісьмова, бо, хаця і знаходзіўся ў Казахстане, але ў розных са спадаром Назарбаевым гарадах.

Хаця Радыё Свабода паведаміла са спасылкай на афіцыйныя крыніцы ў Казахстане, што Аляксандар Лукашэнка знаходзіцца ў Алматы, ягоная прэсавая служба ў Менску па-ранейшаму не дае ніякай інфармацыі пра гэтую паездку ды пра анансаваную сустрэчу з Нурсултанам Назарбаевым.

Кіраўнік прэсавай службы беларускага кіраўніка Павал Лёгкі сказаў:

(Лёгкі: ) “Я вось пакуль ніякай інфармацыі наконт двухбаковай сустрэчы не распаўсюджваю, то бок будзе інфармацыя для друку — я гэтую інфармацыю распаўсюджу тут жа”.

Тым часам нацыянальнае інфармацыйнае агенцтва Казахстану “Казінформ” паведаміла ў пятніцу, што ўвечары “кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка, які знаходзіцца ў Алматы, наведае міжнародны хакейны матч паміж камандай Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і камандай вэтэранаў хакею Алматы”.

Са спасылкай на прэсавую службу мэра Алматы “Казінформ” перадаў, што ўваход на гэты матч у палацы спорту імя Балуана Шолака будзе бясплатным, а вэтэранаў алмацінскай каманды сваёй прысутнасьцю падтрымае сам мэр Імангалі Тасмагамбетаў.

Агенцтва “Казінформ” нічога не паведамляе наконт прысутнасьці на матчы прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева, але зазначае: “Прэзыдэнт Беларусі знаходзіцца ў Казахстане на запрашэньне кіраўніка нашай дзяржавы ў прыватным парадку”.

У Казахстане з чацьвярга да нядзелі — выходныя з нагоды Дня незалежнасьці, таму ніхто не працуе ды афіцыйнай інфармацыі не распаўсюджвае. Неафіцыйна стала вядома, што пасьля сьвяткаваньняў у Астане прэзыдэнт Казахстану вылецеў у Алматы, дзе на гэтым тыдні знаходзіцца Аляксандар Лукашэнка.

Але пра іх сустрэчу няма нават неафіцыйнай інфармацыі. Затое беларускі кіраўнік шмат каму ў Алматы сапсаваў Дзень незалежнасьці, які мясцовыя жыхары зьбіраліся правесьці на курорце Чымбулак. Вось што распавяла Радыё Свабода вядомая актрыса алмацінскага расейскага тэатру Аксана Бойчанка:

(Бойчанка: ) “Учора мае калегі былі на Чымбулаку на здымках — у іх здымкі павінны былі быць рана раніцай, а ўсё было перакрытае, іх не пусьцілі. Таму што пакуль яны каталіся з Лукашэнкам, дык нікога туды не пускалі. То бок потым нейкі час прайшоў — і адкрылі Чымбулак ужо”.

Алмацінскія журналісты адзначаюць, што звычайна “з прыездам высокапастаўленых гарналыжнікаў іншых наведнікаў курорту не выганяюць”. Аднак для Аляксандра Лукашэнкі зрабілі вынятак.
XS
SM
MD
LG