Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Нісьцюк лічыць, што выйсьце з крызісу ў “Народнай грамадзе” будзе знойдзенае на нечарговым зьезьдзе


Альгерд Невяроўскі, Менск Старшыня сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Мікола Статкевіч і новаабраны кіраўнік менскага гаркаму гэтай партыі Сяргей Кулініч гавораць, што выключэньне з партыі намесьнікаў кіраўніка Ўладзімера Нісьцюка, Віталя Малашкі, Юрыя Маркоўскага і старшыні рэвізійнай камісіі Мікалая Ўсьціменкі было абсалютна легітымным. Статкевіч і Кулініч гавораць, што старшыню падтрымлівае пераважная большасьць партыйных арганізацыяў. Уладзімер Нісьцюк не прызнае паўнамоцтваў новага сталічнага гаркаму партыі й гаворыць, што ўсе кропкі над “і” ў гэтым крызісе павінен паставіць пазачарговы зьезд.

Новаабраны кіраўнік менскай гарадзкой арганізацыі “Народнай грамады” Сяргей Кулініч правёў 17 сьнежня прэсавую канфэрэнцыю. Вось што ён сказаў з нагоды выключэньня з партыі спадароў Нісьцюка, Малашкі, Маркоўскага і Ўсьціменкі:

(Кулініч: ) “Гэтыя спадары былі лідэрамі дэ юрэ, але дэ факта лідэрамі, на жаль, не былі. Калі сябра партыі ня плаціць сяброўскіх складак больш за шэсьць месяцаў, то ягонае сяброўства ў партыі спыняецца”.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі была распаўсюджана заява, падпісаная старшынямі пяці абкамаў і менскага гаркаму, у якой сьцьвярджаецца, што выключэньне з партыі Ўладзімера Нісьцюка і ягоных калегаў падтрымалі 83 сябры Цэнтральнага камітэту. ЦК раіць сваім былым сябрам і тым, хто страціў пасады, “прааналізаваць свае памылкі, прынесьці прабачэньні, пагасіць запазычанасьць па сяброўскіх складках і працаваць у партыі як шараговыя сябры”.

А вось што сказаў лідэр “Народнай грамады” Мікола Статкевіч:

(Статкевіч: ) “Людзі, якія занялі варожую палітычную лінію, якія спынілі змаганьне з рэжымам, а пачалі змаганьне ўнутры партыі, яны, відаць, свой патэнцыял ужо вычарпалі. Патрэбна новае пакаленьне палітыкаў на іх месца. Гэта аб’ектыўны працэс”.

Мікола Статкевіч лічыць, што гэты партыйны крызіс ня скончыцца расколам.

Намесьнік старшыні партыі Ўладзімер Нісьцюк не прызнае легітымнасьці новых партыйных органаў. Вось што ён сказаў:

(Нісьцюк: ) “Я магу сказаць: давайце, Мікалай Віктаравіч, на 15 студзеня вылучым ад усіх арганізацыяў, зарэгістраваных у выканаўчым бюро дэлегатаў, правядзём зьезд і паставім кропкі над “і”. Ён жа ні на якія сустрэчы не ідзе, ні на якія перамовы. Ствараецца паралельная партыя. Але мы брэнд БСДП НГ не дамо выкарыстоўваць нікому для сваіх амбітных карысьлівых мэтаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG