Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка жадае дэмакратызацыі ўсім суседзям Украіны — найперш Беларусі


Валер Каліноўскі, Менск Ірына Герашчанка, прэсавы сакратар кандыдата ў прэзыдэнты Ўкраіны Віктара Юшчанкі сёньня на просьбу Радыё Свабода патлумачыла ягонае стаўленьне да сытуацыі ў Беларусі.

(Герашчанка: ) “Віктар Юшчанка як палітык і як кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны спавядае дэмакратычныя стандарты, і безумоўна ўсім краінам — нашым суседзям і нашым партнэрам ён шчыра жадае дэмакратызацыі, высокіх сацыяльных стандартаў, а таксама высокіх жыцьцёвых стандартаў і вернасьці ідэалам дэмакратыі, правоў і свабодаў чалавека. І Беларусі ў безумоўна ў першую чаргу”, — зазначыла Ірына Герашчанка, прэсавая сакратарка Віктара Юшчанкі, які сёньня знаходзіцца зь перадвыбарчай паездкай у Харкаве.

Адначасова ў Харкаве сёньня быў і ягоны канкурэнт Віктар Януковіч, але сустрэчы кандыдатаў не адбылося. Дарэчы, Віктар Януковіч нечакана перайшоў у апазыцыю Леаніду Кучму. Ён актыўна выкарыстоўвае трэці пэрыяд агітацыі за сябе, нечакана перайшоўшы на антыкучмаўскую рыторыку. Як тлумачаць гэты апазыцыйны фэномэн Януковіча ў ягоным выбарчым штабе і ў колах незалежных аналітыкаў?

Віктар Януковіч шмат цяпер выступае ў гарадах усходняй і паўднёвай Украіны, у СМІ. Калі да аранжавай рэвалюцыі ён езьдзіў па краіне як дзейны прэм’ер, гаспадарнік, то цяпер — як палітык, прычым апазыцыйны. Ён адкрыта заяўляе, што Леанід Кучма клапоціцца толькі пра сябе, што дапусьціў парушэньне заканадаўства, пайшоў на змову зь Юшчанкам. Такім чынам, імідж Януковіча кардынальна зьмяніўся. Але большасьць украінскіх палітолягаў перакананыя, што кандыдат Януковіч спазьніўся зь пераходам на апазыцыйны імідж. Уладзімер Малінковіч лічыць гэты пераход справядлівым, бо ўлада фактычна “здала” Януковіча, іншы кіеўскі палітоляг Дзяніс Богуш назваў апазыцыйны імідж Януковіча “вынікам роспачы, якая не прынясе яму шмат дадатковых галасоў”.

Натхняльнікам новага іміджу Януковіча лічаць новага кіраўніка ягонага перадвыбарчага штабу Тараса Чарнавіла. Апошні лічыць апазыцыйнасьць Януковіча нашмат больш прыроднай, чым Юшчанкі. Чарнавіл адзначае, што новы імідж Януковіча — гэта не апазыцыйнасьць, а пазыцыянаваньне, якое проціпастаўленае Кучму і ягонаму атачэньню:

(Чарнавіл: ) “Пазыцыяваньне чалавека, які мае свой сэктар, за які ён рэальна адказвае, і ў якім ён шмат чаго дамогся: узьняцьця эканомікі, заработнай платы, пэнсіяў, сацыяльнай сфэры, — і які ня хоча браць на сябе адказнасьць за тое, што ён ня мог кантраляваць: сілавыя структуры, суды, мясцовыя органы ўлады, тых жа самых губэрнатараў”.

На думку Чарнавіла, многія апазыцыйныя заявы Януковіч мусіў бы зрабіць нашмат раней, каб адасобіцца ад створанай Кучмам сыстэмы ўлады. Новым у Януковіча сталіся і адкрытыя заклікі да фэдэралізацыі Ўкраіны, якія ён робіць падчас сваіх агітацыйных паездак. Сэпаратызму, праўда, ён не падтрымлівае, — паводле Чарнавіла, менавіта пасьля ўмяшальніцтва Януковіча быў адменены рэфэрэндум у Данецкай вобласьці й прыглушаныя ўсе сэпаратысцкія пагрозы, якія прагучалі ў Севераданецку і Харкаве.

(Чарнавіл: ) “Учора была досыць гучная заява Януковіча, у якой ён паставіў кропкі над “і”. Сярод іншага было сказана, што пры той сытуацыі, у якой Украіна ўсё-такі мэнтальна ў значнай ступені падзеленая на некалькі моцных рэгіёнаў, фэдэралізацыя прывядзе толькі да расколу і развалу ў дзяржаве. Такім чынам, ніякай фэдэралізацыі, абсалютна ўнітарная дзяржава, але з максымальнай дэцэнтралізацыяй вэктараў разьвіцьця рэгіёнаў”, — сказаў кіраўнік перадвыбарчага штабу Віктара Януковіча Тарас Чарнавіл.

Тымчасам асноўным зьместам выбарчай агітацыі Віктара Юшчанкі застаецца тэма адзінства Ўкраіны, паведаміла прэсавы сакратар Юшчанкі Ірына Герашчанка. Сёньня Віктар Юшчанка пачаў паездку па ўсходніх рэгіёнах Украіны. Прыхільнікі Юшчанкі арганізавалі таксама адмысловы аўтапрабег дружбы ва ўсходнія і паўднёвыя рэгіёны краіны.
XS
SM
MD
LG