Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За інфармацыю пра магчымага забойцу журналісткі Веранікі Чаркасавай рэдакцыя газэты “Салідарнасьць” выплаціць 3 мільёны рублёў


Ігар Карней, Менск Рэдакцыя газэты “Салідарнасьць” паабяцала тры мільёны рублёў за інфармацыю, якая можа паспрыяць у раскрыцьці забойства супрацоўніцы штотыднёвіка журналісткі Веранікі Чаркасавай. На думку кіраўніцтва выданьня, сьледзтва ў справе Чаркасавай прасоўваецца надзвычай марудна, і журналісты вырашылі, што матэрыяльны фактар будзе ў дадзеным выпадку ня лішні.

Вераніка Чаркасава пры загадкавых абставінах была забітая 20 кастрычніка ва ўласнай кватэры. На ейным целе знойдзена 46 нажавых ранаў, а матывы злачынства дагэтуль мала зразумелыя. Рэдакцыя газэты “Салідарнасьць”, дзе працавала Чаркасава, вырашыла зацікавіць магчымых сьведкаў матэрыяльна: 3 мільёны рублёў абяцана таму, хто дасьць інфармацыю, якая можа паспрыяць пошуку забойцы. Пра гэта апавядае галоўны рэдактар штотыднёвіка Аляксандар Старыкевіч:

(Старыкевіч: ) “Каб спадзяваньняў не было, зразумела, мы гэтага і не рабілі б. Праўда, і пераацэньваць верагодны эфэкт таксама ня варта. Але гэта адна зь нешматлікіх магчымасьцяў, якія ў нас ёсьць. Шчыра кажучы, гэта ўсё больш і больш нагадвае справу Завадзкага, які зьнік чатыры гады таму і дагэтуль ягоны лёс афіцыйна ня высьветлены — тых, каго судзілі, асудзілі за выкраданьне. І галоўным вынік гэтых двух месяцаў: справу Чаркасавай ужо можна ставіць у адзін шэраг з ранейшымі выпадкамі”.

Апроч рэдакцыйных тэлефонаў, у сёньняшняй “Салідарнасьці” пазначаны і тэлефон Савецкага РУУС Менску, па якім таксама можна паведаміць інфармацыю ў справе забітай журналісткі. Я затэлефанаваў ва ўпраўленьне міліцыі й пацікавіўся: ці можна лічыць грашовы фактар у такіх справах дзейсным?

(Супрацоўнік Савецкага РАУС: ) “Дык а вы хто будзеце?”

(Карэспандэнт: ) “Я - журналіст”.

(Супрацоўнік РАУС: ) “Журналіст… Ведаеце, не магу вам нічога сказаць. Я ня ведаю, з кім размаўляю”.

Цягам апошняга месяца ў справе Веранікі Чаркасавай зьменаў амаль не адбылося. Галоўнымі падазраванымі па-ранейшаму застаюцца айчым Веранікі Чаркасавай і 15-гадовы сын Антон. Праўда, калі днямі з айчыма была зьнятая падпіска аб нявыезьдзе, то адносна сына па-ранейшаму пакінуты статус падазраванага.
XS
SM
MD
LG