Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы выйшла анталёгія сучаснай беларускай літаратуры ў перакладзе на польскую


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава У Варшаве адбылася прэзэнтацыя анталёгіі сучаснай беларускай літаратуры ў перакладзе на польскую мову. Кніга мае назоў “Беларусь – краіна, абкружаная высокімі гарамі” ды ўтрымлівае шэраг кароткіх твораў як добра вядомых, так і маладых беларускіх аўтараў.

“Апавяданьні, зьмешчаныя ў анталёгіі, даюць магчымасьць паглядзець на сьвет зь беларускай пэрспэктывы, але гэта сьвет, адарваны ад гісторыі, геаграфіі й перадусім ад гэтак званай рэчаіснасьці. Тут няма вялікай палітыкі. А сіла анталёгіі ў яе літаратурнасьці, у тым, што аўтары не дакумэнтуюць жыцьцё, а перакладаюць яго на сваю мову без комплексаў “адсталай эўрапейскай правінцыі”, – гаворыцца ў прадмове да кнігі “Беларусь – краіна, абкружаная высокімі гарамі”.

Робэрт Траба – старшыня аўтарытэтнай грамадзкай арганізацыі “Барусія”, якая выдала анталёгію, лічыць, што творы прадстаўленыя ў ёй сталіся падзеяй у літаратурным жыцьці Беларусі і, напэўна, будуць цікавыя палякам.

(Траба: ) “Аўтаркі перакладу не паддаліся распаўсюджанаму ўціску каб стварыць анталёгію, якая б была адказам на палітычныя падзеі ў Беларусі. Гэта анталёгія сапраўды літаратурная. У ёй галоўны націск ня робіцца на тое, што вось Беларусь – аўтарытарная краіна, але на тое, што Беларусь – гэта зьява на мапе Эўропы, дзе робіцца нешта асаблівае. І у гэтым сіла анталёгіі”.

Сярод твораў, зьмешчаных у анталёгіі, апавяданьні Ўладзімера Арлова, Вінцэся Мудрова, Уладзімера Няклаева, Евы Вежнавец ды іншых – добра знаных і яшчэ маладых беларускіх аўтараў.

(Катынска: ) “Гэты пераклад, быў для мяне вялікай прыгодай”, – кажа Катажына Катынска – адна з дзьвюх польскіх перакладчыц, што працавалі над кнігай, ды адзначае, што пераклад твораў для анталёгіі ня быў лёгкім, перадусім з-за адсутнасьці сучасных беларускіх слоўнікаў.

Перакладчыцы падкрэсьлілі, што мова, якой напісаныя перакладзеныя творы ў арыгінале настолькі багатая і наватарская, што ў часе перакладу ім даводзілася неаднаразова кансультавацца з мовазнаўцамі, а нават з самімі аўтарамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG