Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яхімоўшчына


Віталь Сямашка, Яхімоўшчына, Маладэчанскі раён Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Так атрымалася, што апошнім часам мае вандроўкі так ці інакш былі зьвязаныя з купалаўскімі мясьцінамі, з расповедамі тых, хто захоўвае пра яго памяць. Але нават на ягонай малой радзіме, у Вязынцы, мне са скрухай паведамілі, што відавочных адбіткаў “душы жывой” паэта ў хаце, дзе ён нарадзіўся, не засталося: яна нанова рэстаўраваная пад музэй, бо была спаленая цягам другой сусьветнай.

Адзінае мястэчка, дзе ўсё засталося некранутым — Яхімоўшчына, што непадалёк ад Маладэчна, дзе ў свае 24-25 гадоў Купала працаваў памочнікам вінакура на бровары ў маёнтку пана Любанскага. А калі пачуў па тэлефоне ад Генадзя Бажка, як яго называюць, “хроснага бацькі” тамтэйшага музэю, што, маўляў, Беларусь абыходзіць Яхімоўшчыну бокам, тут жа выправіўся ў дарогу. Мы й сустрэліся зь ім ля ўваходу самавітага выгляду драўлянай хаты, дзе ў 1906-1907 гадах кватараваў паэт і якую не разбурылі час і людзі.

(Бажко: ) “Я тутэйшы хлопец. І я ведаў, што жывы дух Купалы толькі ў нас. Вязынка, Ляўкі — адбудавана толькі добра. Я вырашыў, што лёс даў мне гэтую мясьціну аднавіць і зрабіць Купалаў куток…”

Спадар Бажко дваццаць гадоў узначальвае тутэйшы калгас, а цяпер СВК, у назове якога аднавіў гістарычную памяць. Не Яхімоўшчына, а Яхімоўшчызна — менавіта так упершыню згадвалася мястэчка ў грамаце князя Ягайлы аж у 1387 годзе. Дарэчы, тут нарадзіўся і жыў Леанард Ходзька, што выдаў першы Збор твораў Адама Міцкевіча, напісаў біяграфію Тадэвуша Касьцюшкі. Тымчасам да нашай гутаркі далучаецца Антон Харашэвіч, былы галоўны інжынэр. Ён нападпітку — мала што нядзеля, яшчэ й Дзень сельскай гаспадаркі. Адпаведным быў і ягоны ўспамін:

(Харашэвіч: ) “Быў настаўнік Полаз, ён зь ім сябраваў. Дык гэты дзядуля расказаў мне пра Купалу. Разам яны выпіць маглі, хадзілі да дзевак, патанчыць. Песьні любіў сьпяваць, вершы…Быў жывы чалавек…”

Уваходжу ў Купалаву хату. Саматканы ходнічак на падлозе. Сьціплы інтэр’ер: шафа, ложак, куфар, кніжная паліца, стол з самаварам. На стале праца акадэміка Яўхіма Карскага “Беларусы”, газэты тых часоў… А побач — напісаныя крыху нэрвовым почыркам арыгінальныя клясычныя “А хто там ідзе”, “Дайце мне волю”, “Ворагам Беларушчыны”, “Поле роднае”… Спадар Бажко працягвае:

(Бажко: ) “Гэта вёска, у якой вялікая будучыня. Можна гаварыць пра больш вялікія праекты. Робім каштарыс комплексу на 10 гектараў, дзе і гэты музэй, панская сядзіба. Толькі ў нас апошнія тры гады праходзіць Купальская ноч — на возеры пятачок, дзе палілі вогнішчы, рытуал зь ведзьмакамі. Зьбіраюцца тысячы людзей, маладыя танчаць да ўпаду. І сьмецьця не застаецца. Хочам зрабіць не тутэйшага значэньня, а для ўсёй Беларусі”.

Узьнёсласьць крыху ахалоджвае адказ вартаўніцы Жаны Алейнік на пытаньне пра наведнікаў:

(Алейнік: ) “Слабавата прыяжджаюць. Летам, як вакацыі, дзеці, настаўнікі. А так, бывае, і месяцамі нікога няма. Бывае, зойдуць, а як скажам, што квіток 1500, адварочваюцца ды сыходзяць…”

Тым ня менш, знаходжу ў суседняй вёсачцы Літва чысты эксклюзіў – неацэненыя яшчэ ўспаміны былой настаўніцы Аўгеніі Чаплінскай:

(Чаплінская: ) “Ведала пра яго Шаўчэнка Сьцепаніда, а я запісала. Яе маці была добра знаёмая з Купалам. Калі ў газэце верш зьявіцца, сям’ёй яго чыталі. На сьняданьне выдавалі кавалачкі масла, і той Янка зьбіраў іх у слоічак. І калі грамаў 200-400 набярэцца, разам са Сьцепанідай памыюць – і адвозіў матцы ды сёстрам. Пра гэта нідзе не напісана ў аўтабіяграфіях. Я была маленькая, гады чатыры, тата, калі прыходзілі госьці, прымушаў, каб я чытала вершы Купалы. “Хоць крывая, хоць малая хатачка мая, не аддам яе нікому, бо яна мая…” Гэта было пры Польшчы, і палякі да нас прыходзілі. І ведаеце, якую песьню купалаўскую ім сьпявалі?! (Сьпявае.)

Ад веку мы спалі, і нас абудзілі, казалі, што трэба нам жыць. Што трэба свабоды, зямлі чалавеку, што трэба паноў нам пабіць…”

* * *

Той нядзеляй, у гонар сельскагаспадарчага сьвята месьцічы атрымалі ад кіраўніцтва СВК “Яхімоўшчызна” два батоны кілбасы кожны. Дый настрой старшыні Генадзя Бажка быў аптымістычны:

(Бажко: ) “Па малацэ даволі неблагі вынік — звыш 4 тысяч літраў на карову і на 100 гектараў пашы мы маем 1000 і болей цэнтнэраў малака. Гэта сярэднеэўрапейскі ўзровень. Заробак сярэдні 100 даляраў у месяц. Даярка два дні працуе,трэці адпачывае. Дом састарэлых маем”.

На мае захады пагутарыць на палітычныя тэмы спадар Генадзь сказаў, што для яго гэта “табу”. Пасьля мясцовыя расказалі, што на выбарах у мінулую Палату прадстаўнікоў ён быў кандыдатам у дэпутаты і, нібыта, паводле папярэдніх падлікаў перамог былога прэм’ера Вячаслава Кебіча. Але, як тыя кажуць, пасьля “праведзенай працы” зьняў сваю кандыдатуру. Зрэшты, пэўная небясьпека ідзе хутчэй за ўсё і ад некаторых аднавяскоўцаў.

Асабіста я адчуў гэта падчас вулічнай сустрэчы з 73-гадовым Аўгенам Пятровічам Ляхновічам. 33 гады адрабіў ён на сьпіртзаводзе, што ўзьнік на месцы бровару, дзе працаваў і Купала. Завод быў зачынены яшчэ ў часы эсэсэраўскай барацьбы з п’янствам. Бяз працы засталіся 60 чалавек, у ліку якіх і Ляхновіч. Нядаўна пахаваў жонку. Зьведвае ўсю гаротнасьць пэнсійнага існаваньня. Але пры гэтым… Паслухаем жа яго самога:

(Ляхновіч: ) “Ацяпленьне паравое. Пэнсія 150 тысяч, 140 трэба плаціць. Цяпер адключылі за няўплату. Жонка хварэла на інсульт трэці раз… З гаспадаркі Мурзік во сядзіць, сабака. Але я за Лукашэнку — вера ў мяне такая. І ўсім сваім кажу!”

Зацікаўлены такім пераходам, адказваю на пытаньне суразмоўцы, што я з Радыё Свабода. Бачу раптам раззлаваны твар. Чую, што, маўляў, напішу на цябе куды сьлед.

* * *

Калі праглядаў сёлетнюю падшыўку вэртыкальнай “Маладэчанскай газэты”, знайшоў адзіную згадку пра Яхімоўшчыну. Улетку “па выніках раённага спаборніцтва перамог камбайнэр Віктар Гурыновіч, намалаціўшы 1340 тонаў збожжа за два тыдні”. Насамрэч, сустрэцца зь ім мне раіў кожны. Натуральна, не з-за таго, пра што напісала афіцыйная газэта. Менавіта яму, улічыўшы 24-гадовы стаж, далі адзіны ў гаспадарцы нямецкі камбайн СF-80. Першым паставіў спадарожнікавую антэну. Заўзятар-паляўнічы. Паважаюць за тое, што ня хлусіць. Што ж, праверым. Дарэчы, спадар Віктар быў у мясцовай камісіі па правядзеньню рэфэрэндуму. Не прамінаю запытацца:

(Карэспандэнт: ) “А вы на рэфэрэндуме былі за Лукашэнку ці супраць?”

(Гурыновіч: ) “Я — супраць. Ну, адбыў чалавек…І яшчэ. Не прымушалі б, можа, прагаласаваў бы і “за” — не задумваючыся”.

Заўважаю на падворку трактар. Аказваецца, Віктар Гурыновіч сабраў яго сваімі рукамі. Зноў-такі, калі гэткі спраўны гаспадар – чаму б не адкрыць уласнай фэрмэрскай справы?

(Гурыновіч: ) “300 мільёнаў камбайн каштуе — хто яго купіць? Сваім трактарам Т-25 больш за 5 гектараў не абробіш, каб і жадаў. Паліва — 10 літраў 10 тысяч. Цяпер бульбу вырасьцілі — дзе падзець?! На зерне ж трэба хімія — купі яе! А трэба ж і склады. Колькі фэрмэраў збанкрутавалі… Бачылі, колькі пустэчаў? Адзін бур’ян стаіць, а сельсавет даваў па 30–40 сотак. Дом трохпавярховы ў нас ёсьць. Там пяць сем’яў наагул нічога не трымаюць!”

Дыскутуем далей. Нагадваю, што ў мястэчку на 400 жыхароў пабудавана пяць так званых прэзыдэнцкіх домікаў, у праекце столькі ж. Праблема палягае ў дэталях, адказвае спадар Гурыновіч.

(Гурыновіч: ) “Шпалераў няма, падлогу трэба фарбаваць. Першы здавалі — санвузла не было. Гэта абы-што! Дайце мне крэдыт, я пабудую. А ён дае на калгас, а там будаўнічыя арганізацыі ўсё даражэй робяць. А калгасу праз 5-7 гадоў прыйдзецца сплачваць. Паменшацца зарплаты — ды ўсё. Прэзыдэнт сказаў – і канец. Усё па сабекошце прадукцыі дасьць!”

Пра, скажам так, міжнароднае становішча ў паляўніцтве гутарку спадар Віктар завёў сам, выказаўшы сваё меркаваньне на забарону паляваньня на лісаў у Ангельшчыне і пра галоўную сваю паляўнічую ж сэнсацыю.

(Гурыновіч: ) “Калі ліса будзе каштаваць хаця б 50 тысяч нашых зайцоў, на яе будуць паляваць. Ніхто не падыходзіць да яе, бо потым 40 уколаў — кожная трэцяя шалёная. Быў стрэл. Скокнуў кабан, кіляграм на 270. Стрэлілі — ён далей паляцеў. Ну і я стрэліў. Заходзім за кусты — ён на дупе сядзіць…”

А зараз — голас паміраючай Яхімоўшчыны. Кінутых хатаў становіцца ўсё больш. Зрэшты, на гэтую ёсьць хоць свой небарака-прэтэндэнт, будаўнік Уладзімер Купрыян. Чаму ён лічыць сябе небаракам?

(Купрыян: ) “Дзевяць гадоў, як напісалі на кватэру. Дагэтуль старшыня яе не дае, крычыць, што яна Бярэзінскаму ЖКГ належыць. Мая хата развальваецца — пяцьдзесят гадоў, як дзед пабудаваў. Кажу: яна ў мяне згарыць! Завод тут брыкету згарэў. А лясы выміраюць, высякаюцца. Жывём на дровах. Хто не пасьпеў нарыхтаваць, той і прапаў. А хаты пустуюць — во, во…”

Палову катэджа для спадара Генадзя Ціса старшыня “выбіў” адразу. Ягоная афіцыйная пасада гучыць як “загадчык урачэбнай лябараторнай агульнай практыкі”. Сам сябе спадар Генадзь называе сямейным лекарам. І ня толькі таму, што ў кожнай сям’і тубыльцаў ёсьць нумар яго “сотавіка”. Сродкаў на шпіталізацыю ды ежу ўжо не выдаткоўваюць. Ягоная лекарская практыка найбольш яскрава ілюструе тое, пра што гаварылі жыхары Яхімоўшчыны.

(Ціс: ) “Па цяжкасьці захворваньняў на першым месцы інсульты, апошнім часам яны павялічыліся. Расьце колькасьць гіпэртонікаў. Ідзе рэзкае зьмяненьне жыцьця. Трэба адстойваць сябе, шукаць заробак. Павялічыўся тэмп жыцьця. Многія сыходзяць у п’янства, апускаюць рукі, многія зьяжджаюць…”

Спыняюся ля маляўнічага азярца, акружанага 30-мэтровымі дрэвамі рэдкай пароды, што побач з музэем. Гутару са спадарыняй Тамарай, карэннай яхімаўкай:

(Тамара: ) “Тут нарадзілася, усё тут нашае. У горадзе за асфальт чапляюцца, а тут па зямлі ходзім. На Купальле весела надта — і парк, і возера”.

(Карэспандэнт: ) “Для вас Яхімоўшчына назаўжды?”

(Тамара: ) “Я думаю, што так…”

Заходжу яшчэ раз у Купалаўскі дом. Паўтараю напісаныя ці не стагодзьдзе таму радкі, што гучаць не як запавет нават, у якіх многія шукаюць і знаходзяць адказ на пытаньне, як жыць сёньня:

Пакіньма напуста на лёс свой наракаць, Скрозь сьлёзы скаргі сеяць па зямлі, — Нам трэба жыць і долю папраўляць, Каб нас патомкі з часам не клялі…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG