Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 сьнежня ў 1882 годзе ў Беларусі пачалі працаваць першыя тэлефонныя лініі, а ў 1917 годзе – Першы Ўсебеларускі зьезд


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 17 і 18 сьнежня

Афіцыйна 17 сьнежня адзначаецца Дзень беларускага кіно. У падмурку гэтага сьвята ляжыць ня творчае дасягненьне, а бюракратычная падзея. 17 сьнежня 1924 году была заснаваная Беларуская дзяржаўная ўправа ў справах кінэматаграфіі і фатаграфіі, скарочана – Белдзяржкіно.

17 сьнежня 1926 году ў Беларусі адбыўся перапіс насельніцтва. Згодна зь ягонымі зьвесткамі, у краіне жыло каля 5 мільёнаў чалавек. Праўда, трэба ўлічваць, што ладная частка Беларусі была ў тыя часы пад польскай акупацыяй, і польская мяжа падыходзіла ледзьве не да самога Менску. Дарэчы, паводле перапісу ў Менску тады жыло 130 тысяч чалавек.

Адразу два мастацкія калектывы сьвяткуюць дзень свайго стварэньня 17 сьнежня. У 1930 годзе быў заснаваны Дзяржаўны акадэмічны народны аркестар Беларусі імя Жыновіча, а ў 1940-м – Дзяржаўная акадэмічная капэла Беларусі імя Рыгоры Шырмы.

17 сьнежня 1883 году нарадзіўся беларускі літаратуразнаўца Яўген Барычэўскі. Родам ён быў зь Менску, а па сканчэньні Менскай гімназіі вучыўся ў Бэрлінскім і Маскоўскім унівэрсытэтах. Добра адукаваны навуковец, Барычэўскі аналізаваў паэзію, чытаў лекцыі па “Тэорыі санэту” і “Паэтыцы літаратурных жанраў”, пісаў артыкулы і кнігі пра творчасьць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Алеся Гаруна ды іншых беларускіх творцаў у кантэксьце сусьветнай паэзіі. Калі ў 1930-я гады над галавой прафэсара Барычэўскага навісьлі хмары рэпрэсіяў, ён пакінуў гэты сьвет, не дачакаўшыся ссылкі або расстрэлу, што выпалі на долю ягоных калегаў.

І цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

18 сьнежня 1882 году ў Беларусі пачалі працаваць першыя тэлефонныя лініі. Прычым адбылося гэта ў Гомелі, ва ўладаньнях князя Паскевіча. Тэлефоны зьвязвалі ягоны палац зь ягонымі фабрыкамі ды фальваркамі.

18 сьнежня 1917 году ў Менскім гарадзкім тэатры (цяпер гэта тэатар імя Янкі Купалы) пачаў працу Першы Ўсебеларускі зьезд. Там былі дэлегаты ад усіх мясцовасьцяў Беларусі, ад палітычных, вайсковых і бежанскіх арганізацыяў – усяго 1872 чалавекі. Дыскутавалі пра будучыню краіны, якой яна стане – ці ў складзе Расеі, ці з правамі аўтаноміі, ці зусім незалежная. Урэшце зьезд схіліўся да незалежнасьці. Тады бальшавіцкія вайсковыя ўлады, што пільна сачылі за форумам, прынялі рашэньне разагнаць яго. Што і зрабілі. Тым ня менш, Усебеларускі зьезд пасьпеў абраць свой Выканаўчы камітэт, які абвясьціў сябе законнай, абранай народам уладай і прывёў да стварэньня 25 сакавіка наступнага, 1918 году незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сярод знакамітых людзей, што прыйшлі на сьвет 18 сьнежня ў розныя гады, згадаем сёньня францускага асьветніка Шарля Мантэск’е, беларускага гісторыка, дасьледніка архіваў Мікалая Маліноўскага, ангельскага фізыка Джозэфа Томпсана, які адкрыў электрон і стаў Нобэлеўскім ляўрэатам, аўстрыйскага эрцгерцага Франца Фэрдынанда, з забойства якога пачалася першая сусьветная вайна, і беларускага археоляга Эдуарда Загарульскага.
XS
SM
MD
LG