Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Страты для Беларусі ад таго, што яна ня будзе сябрам УГА і будзе губляць расейскі рынак, будуць павялічвацца”


Уладзімер Глод, Менск Партнэры Беларусі па Адзінай эканамічнай прасторы (Расея, Украіна, Казахстан) на апошняй сустрэчы ў Менску, якая адбылася 15 сьнежня, выказаліся за тое, каб кожны з гэтага квартэта самастойна ўступаў ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Такім чынам, адрынуты лёзунг беларускага кіраўніцтва аб калектыўным уступленьні ва УГА. Гэта яшчэ адна “пстрычка”, паколькі раней Масква не прыняла беларускую прапанову “Ва ЎГА – толькі разам з Расеяй!”

Доўгі час беларускія ўлады казалі пра тое, што пры існуючай ступені інтэграцыі паміж Беларусьсю і Расеяй для Беларусі “аптымальнай была б максымальная ўніфікацыя з Расеяй і адначасовае ўступленьне ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю”. Аднак гэтыя пляны ўжо канчаткова выглядаюць нерэальнымі.

Напрыканцы траўня Масква на саміце Эўразьвяз-Расея дамаглася ад Эўропы прынцыповай згоды на далучэньне Расеі да УГА. Крэмль выразна паказаў, што ён адмаўляецца ад сынхранізацыі сваіх крокаў у справе ўступленьня ва ЎГА з Беларусьсю, паколькі Менск станавіўся балястам для руху Расеі ў бок УГА. І цяпер разрыў паміж дзьвюма краінамі ўжо бачаць усе.

Таму Беларусь вымушаная была зьмяніць лёзунг “Ва ЎГА – разам з Расеяй” на “ва ЎГА – адначасова чатырма краінамі”. Аднак і гэты варыянт ня мае пэрспэктываў. Пра гэта выразна заявіў амбасадар Казахстана ў Беларусі Газіз Алдамжараў, які пазаўчора на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску падкрэсьліў: усе чатыры краіны маюць розную ступень падрыхтоўкі да ўступленьня ва ЎГА.

(Алдамжараў: ) “Зыходзячы з гэтага, было прынятае рашэньне, што ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ў залежнасьці ад ступені падрыхтоўкі будзе ўступаць кожная краіна паасобку. Таму сёньня Расея апынулася наперадзе ўсіх іншых краінаў. І мы лічым, што мы сёньня знаходзімся на другім месцы. Кожны будзе ўступаць ва ЎГА залежна ад сваёй гатоўнасьці”.

А што думаюць з гэтай нагоды адмыслоўцы? Уявіце, напрыклад, што іншыя партнэры Беларусі стануць сябрамі Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі, а Беларусь туды ня трапіць. Як гэта адаб’ецца на Беларусі?

Пра гэта я размаўляў са знаным адмыслоўцам у галіне эканомікі – кіраўніком Аналітычнага цэнтру Мізэсу Яраславам Раманчуком.

(Раманчук: ) “На рынку тых краінаў, якія ўступяць ва ЎГА, будзе большая канкурэнцыя з таварамі трэціх краінаў. Паўплывае гэта й на рынак тых тавараў, якія для Беларусі зьяўляюцца вельмі істотнымі: гэта машыны, абсталяваньне, трактары... І вось тут бачна, што ў кароткачасовай пэрспэктыве (два-тры гады), я ня думаю, што Беларусь страціць рынак. Але праз пяць год, калі Беларусь не прыстасуецца да патрабаваньняў УГА і ня ўступіць туды, то, я думаю, штогод страты для Беларусі ад таго, што яна ня будзе сябрам УГА, што яна будзе губляць расейскі рынак, будуць павялічвацца – ад 100 мільёнаў даляраў і больш”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG