Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску пройдуць грамадзкія слуханьні пад назваю “Злачынствы сталінізму ў Беларусі”


Галіна Абакунчык, Менск У суботу 18 сьнежня ў менскай штаб-кватэры Беларускага народнага фронту адбудуцца грамадзкія слуханьні пад назваю “Злачынствы сталінізму ў Беларусі.” Арганізатарам імпрэзы выступае Беларуская філія міжнароднага гісторыка-асьветніцкага таварыства “Мэмарыял”, а таксама грамадзкая ініцыятыва “Ў абарону Курапатаў”.

Гэта першыя грамадзкія слуханьні на тэму злачынстваў сталінізму, і яны будуць прысьвечаныя тэме рэпрэсіяў супраць сялянства. Увогуле ж заплянаваная сэрыя аналягічных імпрэзаў, якія будуць праводзіцца раз на месяц. Мяркуецца, што будуць заслуханыя даклады аб рэпрэсіях супраць інтэлігенцыі, ваеннапалонных, паводле рэлігійнай прыналежнасьці, а таксама аб праблеме рэабілітацыі рэпрэсаваных.

Зь якой мэтай арганізаваныя слуханьні? Гэтае пытаньне я адрасавала аднаму з арганізатараў, сябру ініцыятывы “У абарону Курапатаў” Вацлаву Арэшку, і вось што ён сказаў:

(Арэшка: ) “Даўно існавала ідэя суда над сталінізмам і дзяржаўным тэрарызмам. Гэта ў пэўнай ступені рэалізацыя гэтай ідэі, толькі мы не называем гэта судом, а грамадзкімі слуханьнямі. Мэта – гэта асэнсаваньне адбытага, інфармаваньне грамадзтва і ў пэўнай ступені імкненьне – калі не да пакаяньня прымусіць людзей, то да таго, каб гэта было зафіксавана як факт нашай грамадзянскай сьвядомасьці”.

Як вядома, тэма сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі апошнімі гадамі знаходзіцца пад негалоснай забаронай. Акрамя таго, моцна актывізаваліся тыя сілы, якія намагаюцца зьняпраўдзіць факты масавых расстрэлаў палітрэпрэсаваных органамі НКВД у Курапатах. Нават само ўрочышча апынулася пад пагрозай зьнішчэньня.

У гэтым зьвязку, у якіх умовах праходзіць падрыхтоўка круглага стала: ці сустракаюць ягоныя арганізатары нейкія перашкоды? Слуханьні адбудуцца ў штаб-кватэры Беларускага народнага фронту, дзе вельмі малая заля. Але іншага выйсьця няма, бо практыка паказвае, што ўсе іншыя ўстановы адмаўляюцца супрацоўнічаць, калі даведваюцца мэту, зь якой арэндуецца заля – паведаміў Свабодзе яшчэ адзін арганізатар, прадстаўнік “Мэмарыялу” й вядомы дасьледчык Ігар Кузьняцоў:

(Кузьняцоў: ) “Відавочнай забароны няма, але правесьці слуханьні на легальным узроўні немагчыма, як паказвае практыка. Да прыкладу, я запрашаю дакладчыка, ён пагаджаецца, а праз чатыры дні адмаўляецца без тлумачэньня прычынаў”.

Паводле спадара Кузьняцова, гэтак адбываецца таму, што людзі адчуваюць просты ці ўскосны ціск, альбо проста баяцца магчымага перасьледу ўладаў. Ён паведаміў таксама, што да ўдзелу ў слуханьнях запрашаліся многія навукоўцы, палітыкі, праваабаронцы й грамадзкія дзеячы. Але ў зьвязку са сказаным, на сёньня дакладна вядома толькі тое, што сярод прысутных будуць дзьве арганізацыі, якія аб’ядноўваюць былых палітрэпрэсаваных, і іхныя сваякі.

Тым ня менш, слуханьні на тэму сталінскіх рэпрэсіяў у Беларусі будуць праводзіцца й завершацца падсумаваньнем і ацэнкай злачынстваў улады. Гэта адбудзецца блізу 30 кастрычніка наступнага году, калі ва ўсім сьвеце адзначаецца Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.
XS
SM
MD
LG