Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падвысіўся ўзровень жыцьця ў 2004 годзе?


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў У Магілёве адбылася сэсія абласнога савету дэпутатаў, на якой быў зацьверджаны прагноз разьвіцьця рэгіёну ў наступным годзе. Улады абвясьцілі, што асноўнай мэтай сацыяльна-эканамічнай палітыкі Магілёўскай вобласьці на 2005 год зьяўляецца “далейшае падвышэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва”. А што на гэты конт мяркуюць магілёўцы?

Жыхары Магілёва разважалі, ці падвысіўся іх узровень жыцьця ў 2004 годзе:

(Спадарыня: ) “Вось менавіта ў 2004 годзе ён і пайшоў уніз, мой узровень. Цэны растуць, грошы распаўзаюцца як прусакі. Бягуць!”

(Спадарыня: ) “Не, таму што няма магчымасьці зарабляць. Хапае толькі на самае элемэнтарнае. Я працую пэдагогам, і гэтым усё сказана”.

(Спадар: ) “Так, падвысіўся трохі. За кошт заробку дадатковага, прыпрацоўкі. Калі не шкада свабоднага часу, можна нешта падзарабіць”.

(Спадарыня: ) “Я цяпер пэнсіянэрка. Мяне задавальняе ў прынцыпе. Але калі б было лепей, то гэта нядрэнна”.

(Спадар: ) “Узровень жыцьця абсалютна не падвысіўся. Панізіўся ў параўнаньні з цэнамі, ростам платы за праезд, Увогуле ўзровень жыцьця не падвысіўся”.

(Спадарыня: ) “Трошачкі, за кошт заробку. Можна адкласьці нешта, набыць”.

(Спадар: ) “Не! Таму што пастаянна растуць цэны. Вы ж бачыце: мы іх ніяк ня можам дагнаць. Нібыта заробак падвысяць, і зноў падвышэньне цэнаў”.

(Спадар: ) “Каб раскачацца, нам патрэбен яшчэ дзясятак гадоў. Мы ж адарваныя ад усёй Эўропы. Крэдытаў няма, нічога няма, мы самі, самі, самі”.

(Спадарыня: ) “А што падвышэньне цэнаў, дык мы да гэтага прызвычаіліся. Таму галоўнае — быць маральна гатовым да ўсіх зьмяненьняў і каб упэўненасьць была ў тым, што ёсьць праца”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, ці падвысіўся ваш узровень жыцьця ў 2004 годзе?”

(Спадарыня: ) “Я мяркую — не. Цэны падвысіліся, а заробак не падвышаецца. Я не працую, муж працуе, нас траіх ён пракарміць ня можа. Неяк дзіця пракормім, а самім… Не хапае ў нас грошай”.

(Спадар: ) “Не, не падвышаецца. Заплаціць, набыць — гэта цяпер праблемна”.

(Спадар: ) “Як ён можа падняцца, калі такой абвал цэнаў ідзе? Кватэрная плата проста нейкая ачумелая. Я ня ведаю, як у гэтым годзе, а ў наступным мы дакладна пакладзем зубы на паліцу”.

(Спадарыня: ) “Хочацца спадзявацца на лепшае. Усе хочуць пры канцы году, каб год, які прыходзіць, быў больш пэрспэктыўны ў пляне працы, заробку і ўсіх добрых рэчаў, пра якія мараць людзі. Ну, час пакажа. Пажывем — пабачым”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG