Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура Беларусі пацьвердзіла факт арышту былога дэпутата Мікалая Скутава, а Міхаіл Чыгір камэнтуе магчымыя прычыны арышту


Уладзімер Глод, Менск Факт затрыманьня былога намесьніка старшыні парлямэнцкай камісіі Мікалая Скутава 16 снежня пацьвердзіў беларускай Свабодзе прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Юры Азаронак.

Наконт арышту Мікалая Скутава Юры Азаронак паведаміў наступнае:

(Азаронак: ) “Зьвесткі праўдзівыя. Былому дэпутату Палаты прадстаўнікоў Скутаву прад’яўленыя абвінавачаньні і абраная мера стрыманьня ў выглядзе зьмяшчэньня пад варту”.

Мікалай Скутаў да абраньня ў 2000 годзе дэпутатам Палаты прадстаўнікоў узначальваў закрытае акцыянэрнае таварыства "БелРасУкрнафта", працаваў генэральным дырэктарам Беларускага прадстаўніцтва "Гандлёвага нафтавага дому”.

Да прыходу ў нафтавы бізнэс Мікалай Скутаў займаўся транспартам, перадусім чыгуначным. З чыгункі ён патрапіў у Менскі гарвыканкам кіраўніком аддзелу транспарту. Цікава, што і арыштавалі спадара Скутава супрацоўнікі транспартнай пракуратуры Беларусі.

У Авальнай залі месца Мікалая Скутава было побач з крэслам Уладзімера Парфяновіча. Я спытаў спадара Парфяновіча, ці можна зьвязваць арышт ягонага суседа з заканчэньнем паўнамоцтваў дэпутатаў другога скліканьня. Экс-дэпутат Парфяновіч такой сувязі не бачыць:

(Парфяновіч: ) “Я думаю, пры арыштах, якія сёньня праводзяцца ў Беларусі, няма ніякіх тэрмінаў. Паступае каманда "Арыштаваць!" – і арыштоўваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Некаторыя цяпер шукаюць сувязь паміж арыштамі Скутава і дырэктара "Нафтана" Часнавіцкага...”.

(Парфяновіч: ) “Я думаю, яны памыляюцца – ніякага ўзаемадзеяньня тут няма. Што я мяркую, наконт таго, што арыштавалі такога дырэктара такога прадпрыемства? Пакуль не арыштуюць усіх дырэктараў, пакуль іх ня зьменяць – канца-краю гэтаму ня будзе".

Я спытаў прэсавага сакратара Пракуратуры Беларусі, у чым канкрэтна абвінавачваюць экс-дэпутата Скутава. Адказ Юрыя Азаронка гучыць так:

(Азаронак: ) “Гэтага я не магу сказаць, таму што згодна з артыкулам 198 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу зьвесткі ў гэтай справе не падлягаюць агалошваньню бяз згоды сьледчага. А сьледчы папрасіў мяне пакуль ніякіх падрабязнасьцей мэдыям не даваць".

***

Мікалай Скутаў пачаў актыўна ўдзельнічаць у пастаўках нафты ў Беларусь у сярэдзіне 1990-х гадоў. З той пары ён лічыўся даволі буйным і ўплывовым чалавекам у гэтай галіне, хаця хутка пасьля абраньня парлямэнтаром, згодна з законам, афіцыйна пакінуў ранейшыя пасады.

Былы кіраўнік беларускага ўраду Міхаіл Чыгір так камэнтуе затрыманьне спадара Скутава:

(Чыгір: ) “Наколькі я ведаю, арышт былога дэпутата Скутава зьвязаны зь ягоным супрацоўніцтвам зь іншымі бізнэсоўцамі. Я ведаю, што былі непаразуменьні зь некаторымі бізнэсоўцамі й былі скаргі на адрас Скутава ў пракуратуру. Я думаю, што ўся ягоная дзейнасьць будзе правераная. І, я думаю, могуць быць вельмі сур’ёзныя высновы зь ягонай дзейнасьці”.

(Карэспандэнт: ) “А ці не маглі б вы ўдакладніць: гэтыя скаргі зьвязаныя з чыгункай ці нафтай?”

(Чыгір: ) “Гэта зьвязана і з чыгункай, і з нафтай”.
XS
SM
MD
LG