Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Юрацішках помніку Леніну адбілі галаву і левую руку


Міхал Карневіч, Горадня У мястэчку Юрацішкі Іўеўскага раёну Гарадзенскай вобласьці ўначы быў пашкоджаны помнік Леніну — яму адбілі галаву і левую руку. Зрабіў гэта чалавек, які стаіць на ўліку ў псыхіятрычным шпіталі. Свой учынак санітаркам шпіталю ён патлумачыў тым, што насупраць стаіць касьцёл, у якім знаходзіцца абраз маткі Боскай, і Ленін на гэтым месцы недарэчы.

Начальнік сьледчага аддзелу Іўеўскага РАУС Віктар Жынь сказаў, што галаву і руку помніку правапарушальнік адбіў молатам. Помнік уяўляў сабой статую з гіпсу і цэмэнту ва ўвесь рост вышынёй прыкладна паўтара мэтра. Быў усталяваны побач зь местачковым шпіталём у невялікім сквэры яшчэ ў 1950-я гады. Чалавека, які разьбіў помнік, выявілі супрацоўнікі міліцыі. Ён, дарэчы, сам гэтага не адмаўляў, але крымінальная справа пакуль не заведзена, паколькі сьледзтва вядзе разьбіральніцтва. У прыватнасьці, дасланы запыт у псыхіятрычны шпіталь, дзе чалавек стаіць на ўліку. Яго нават не арыштоўвалі.

Раніцай рэшткі помніка прыбралі, і цяпер на месцы, дзе ён стаяў, застаўся толькі невялікі пастамэнт. Віктар Жынь патлумачыў, што помнік наагул ня меў гаспадара, не лічыўся нідзе на ўліку і ня мае ніякай гістарычна-архітэктурнай каштоўнасьці. Як сказаў галоўны лекар Юраціскага шпіталю Леанід Дзенісевіч, хутчэй за ўсё аднаўляць яго ніхто ня будзе, паколькі ад помніка нічога не засталося.
XS
SM
MD
LG