Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Amnesty International”: Пасьля рэфэрэндуму сытуацыя ў Беларусі пагоршылася


Юры Дракахруст, Прага Міжнародная праваабарончая арганізацыя “Amnesty International” выдала адмысловае паведамленьне, у якім канстатуе істотнае пагаршэньне сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі пасьля кастрычніцкіх выбараў і рэфэрэндуму. “Amnesty International” таксама нагадвае, што Расея ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў заблякавала абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі.

На думку міжнароднай праваабарончай арганізацыі, свабода выказваньняў, крытыка ўладаў робяцца ў Беларусі ўсё больш небясьпечнай справай.

У паведамленьні “Amnesty International” прыгадваюцца выпадкі перасьледу за крытыку: прыцягненьне Гары Паганяйлы да крымінальнай адказнасьці за інтэрвію швэдзкай тэлевізіі, абвінавачваньне Анатоля Лябедзькі ў паклёпе на прэзыдэнта, прыпыненьне выхаду гарадзенскай газэты “Біржа інфармацыі” і накладаньне штрафу на яе рэдактара Алену Раўбецкую, адміністрацыйны арышт журналіста Паўла Мажэйкі, выклік у пракуратуру журналісткі Ірыны Халіп.

У паведамленьні “Amnesty International” адзначаюцца жорсткія дзеяньні міліцыі супраць удзельнікаў мірных маніфэстацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму, зьбіцьцё Анатоля Лябедзькі, адміністрацыйныя арышты і штрафы 40 удзельнікаў гэтых акцыяў пратэсту.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя заклікае міжнародную супольнасьць учыняць ціск на беларускія ўлады, каб прымусіць іх спыніць парушэньне правоў чалавека.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG