Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Дудараў спыніў змаганьне за сваю інтэлектуальную ўласнасьць — назву “Белыя Росы”


Ігар Карней, Менск Менскі гарадзкі малаказавод №3 выпусьціў на рынак малако і кефір пад гандлёвай маркай “Околица” і з рэклямным слоганам “Край белых рос”. Драматург Аляксей Дудараў, які ёсьць аўтарам арыгінальнай назвы “Белыя Росы”, фактам чарговага замаху на інтэлектуальную ўласнасьць абураны, але кажа, што змагацца са злодзеямі ўжо стаміўся.

Аляксей Дудараў найбольш актыўна, у параўнаньні зь іншымі творцамі, абараняе сваю інтэлектуальную ўласнасьць. У ягоным актыве — зачыненыя крамы птушкафабрыкаў, кавярні й рэстарацыі, згорнутая вытворчасьць асобных гатункаў віна-гарэлачнай прадукцыі. Ва ўсіх выпадках прычынай судовых спрэчак стала выкарыстаньне ў назвах установаў ці харчовым асартымэнце словазлучэньня “белыя росы”. Факт чарговага выкарыстаньня аўтарскай назвы на малочнай прадукцыі спадар Дудараў успрыняў, як падалося, нават абыякава.

(Дудараў: ) “Мне ўжо абрыдла зь імі змагацца. Ну іх на фіг… Да іх прыйдзеш, а яны толькі лыпаюць вачыма: маўляў, нічога дрэннага зрабіць не хацелі”.

(Карэспандэнт: ) “Але ж у вас нямала прэцэдэнтаў пасьпяховых змаганьняў. Ці гэта проста шмат высілкаў патрабуе?”

(Дудараў: ) “За ідэю, канечне, трэба аддаваць сілы таксама, але патрабуецца сапраўды вельмі шмат высілкаў. Разумееце, ніхто ня верыць у тое, што гэта арыгінальная назва. Усе лічаць, што гэта само сабой неяк адбылося, што беларусаў заўсёды звалі “белымі росамі” і край наш быў “краем белых росаў”. Пакуль у грамадзтве не ўсталюецца да інтэлектуальнай уласнасьці нармалёвае стаўленьне, як да ўласнасьці, прыкладам, фізычнай (ніхто ж, апроч злачынцы, нават у адчыненую машыну ня сядзе і не паедзе катацца), адказ будзе адзін: “А што такога дрэннага я зрабіў?” Грамадзтва да ўсяго павінна дарасьці”.

У аддзеле маркетынгу гарадзкога малаказаводу №3 ня лічаць згадваньня “белых росаў” у рэклямнай кампаніі новых гатункаў малака і кефіру парушэньнем аўтарскіх правоў драматурга Дударава. І вось якія на гэты конт тлумачэньні:

(Супрацоўніца аддзелу маркетынгу: ) “Атрымаліся такія пакункі, што людзі думаюць, што гэта расейскае малако, а не мясцовае. І каб растлумачыць, што гэта беларускае, мясцовае малако, быў і выбраны гэты слоган. Мы ж ня кажам, што ў нас кампанія “Белыя росы”, мы кажам пра “край белах росаў”. Калі мы думалі пра словазлучэньне “белыя росы” асобна, то разумелі: гэта ягоныя аўтарскія правы, на якія ніхто не замахваецца”.

Абарона аўтарскіх правоў стала актуальнай для Беларусі толькі апошнім часам. Дагэтуль, як кажуць у Рэспубліканскім унітарным прадпрыемстве інтэлектуальнай уласнасьці (“РУПІС”), факты літаратурнага плягіяту, несанкцыяванае выкарыстаньне арыгінальных музычных твораў ці навуковых працаў былі праблемай толькі саміх аўтараў. Цяпер жа калектыўнае кіраваньне аўтарскімі й сумежнымі правамі адбываецца ў песенным жанры (аўтарства тэкстаў і музыкі), у “вялікіх” формах — балет, опэра, спэктаклі, дэкаратыўна-прыкладным мастацтве і пры напісаньні навуковых артыкулаў.

Менавіта такі сыстэматызаваны падыход спрычыніўся да некалькіх гучных справаў. Перадусім, гэта згаданыя ўжо судовыя паседжаньні, ініцыяваныя Аляксеем Дударавым, прэтэнзіі ўласна пардпрыемства “РУПІС” да стваральніка сайту пра ансамбль “Песьняры” Хведара Караленкі ў частцы разьмяшчэньне фатаздымкаў і спасылак на гукавыя файлы, а таксама некалькі судовых спрэчак паміж аўтарамі навуковых артыкулаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG