Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афрыканская сыравіна магла б вызваліць “Крышталь” ад татальнай залежнасьці ад расейскіх алмазаў


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельскае аб’яднаньне “Крышталь”, якое займаецца вырабам дыямэнтаў, знаходзіць паразуменьне з Афрыкай, але ня можа дамовіцца з алмазаздабываючымі кампаніямі Расеі. Агранка алмазаў у апошнія месяцы па сутнасьці спынілася.

Як вядома, Беларусь і Расея падпісалі міжурадавае пагадненьне наконт паставак да 2005 году “Крышталю” 100 тысяч каратаў алмазнай сыравіны. Гамельчукі, на жаль, не адчуваюць, што ёсьць такое міжурадавае пагадненьне. З канца траўня расейская кампанія “АЛРОСА”, спасылаючыся на самыя розныя прычыны, спыніла адгрузку сыравіны гомельскім алмазаапрацоўшчыкам. Калі што і прапаноўвалася, то яўна па завышаным кошце.

На “Крышталі” мяркуюць, што расейскія пастаўшчыкі проста пазбаўляюцца ад беларускіх канкурэнтаў. Паколькі Беларусь ня мае сваіх алмазаў, то аб’яднаньне “Крышталь” цалкам залежыць ад зьнешніх паставак. У папярэднія гады працяглая адсутнасьць алмазнай сыравіны з Расеі паставіла прадпрыемства на мяжу банкруцтва. Адсюль звольніліся каля 60 адсоткаў аграншчыкаў алмазаў. Яны сышлі на прадпрыемствы той жа Расеі. Асобныя адмыслоўцы зьехалі ў Чэхію, Польшчу.

Наогул, для аб`яднаньня больш-менш удалым быў леташні год, калі расейскія пастаўшчыкі крыху прытрымліваліся міжурадавага пагадненьня наконт паставак алмазнай сыравіны.

Цяпер паўтараецца надзвычай цяжкая сытуацыя 2001-2002 гадоў. На “Крышталі” не выключаюць, што ў гэтым праяўляецца лабіраваньне інтарэсаў пэўных колаў. Менавіта расейскі досьвед сьведчыць: перш, чым мяняць уласьніка, прадпрыемства звычайна ставяць на калені.

Чаму б гамельчукам не зьвярнуцца да іншых пастаўшчыкоў сыравіны? Яе багата, напрыклад, у Паўднёва-Афрыканскай рэспубліцы, іншых краінах. “Крышталь” ужо атрымліваў буйныя партыі прыродных алмазаў з ЮАР, Руанды, Уганды...

На гэты конт у кіраўніцтва прадпрыемства ёсьць свая адмысловая канцэпцыя. Гаворыць генэральны дырэктар аб’яднаньня Аляксандр Старавойтаў:

(Старавойтаў: ) “Ёсьць такая вядомая прымаўка: нельга захоўваць яйкі ў адным кошыку. Добра, канешне, было б мець такія алмазныя камяні, як яйкі. Але калі гэта нават звычайныя алмазы, усё роўна атрымліваць іх з адной крыніцы няправільна.

Традыцыйна мы былі прывязаны да сыравіны з расейскай Якуціі. Мы яго праўдамі і няпраўдамі атрымлівалі, часьцяком ня вельмі якаснае. Мы вырашылі паглядзець уважліва на нетрадыцыйныя рэгіёны, дзе ёсьць алмазная сыравіна, але з кім у Эўропы не было цесных сувязяў. Гэта – Афрыка. Мы і знаходзім сыравіну зусім ня ў тым месцы, дзе бралі яе заўсёды”.

Афрыканская сыравіна дапамагае пазбаўляцца татальнай залежнасьці прадпрыемства ад расейскіх алмазаў. Гамельчукі здолелі заключыць даволі выгадныя дамовы з афрыканскімі пастаўшчыкамі і нават зарэгістраваць гэтыя дамовы адпаведна міжнародным правілам гандлю алмазнай сыравінай.

Галоўная перашкода цяпер – адсутнасьць фінансаў для аплаты кантрактаў. Беларускія банкі патрабуюць гарантыяў ураду пад магчымыя крэдыты. Але акурат з гарантыямі пэўнасьці няма.

Днямі “Крышталь” наведалі высокія чыноўнікі міністэрства фінансаў, якому падпарадкавана прадпрыемства. Ці зрушыцца нешта ў лепшы бок, пакуль невядома. Алмазаапрацоўка тым часам ня столькі разьвіваецца, колькі гібее.
XS
SM
MD
LG