Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мусяць плаціць за вучобу тыя, каго адлічылі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Міністэрства абароны падтрымлівае актыўнасьць вайсковай пракуратуры ў справе спагнаньня грошай за вучобу з былых курсантаў, якіх адлічылі з вайсковых вучэльняў. Аднак беларускія праваабаронцы лічаць, што гэта ёсьць парушэньнем Канстытуцыі, і заклікаюць умяшацца Канстытуцыйны суд.

Ці мусяць плаціць за вучобу былыя курсанты вайсковых вучэльняў, якіх адлічылі за розныя парушэньні ? Гэта ёсьць пытаньнем для грамадзкасьці, але не для міністэрства абароны і вайсковай пракуратуры. Паводле афіцыйных дадзеных, толькі за апошнія два гады з пракуратуры ў суды накіравалі звыш 170 пазоваў аб кампэнсацыі стратаў, нанесеных дзяржаве тымі, хто не давучыўся.

Падтрымліваюць гэтую пазыцыю і ў міністэрстве абароны. Прэсавы сакратар міністэрства Леанід Захаранка лічыць справядлівым рублёвае пакараньне курсантаў, якія ня выканалі кантрактаў аб будучай вайсковай службе. Ён прыводзіць наступны прыклад:

(Захаранка: ) “ Ты ў мяне працуеш, я цябе даю есьці, піць, апранаю, даю жытло – гэта ўсё страты, а ты не выконваеш сваіх абавязацельстваў…”

Паводле прэсавага сакратара міністэрства абароны, курсанты былі цалкам на ўтрыманьні дзяржавы, і кампэнсаваць мусяць менавіта гэтыя страты, а зусім ня грошы непасрэдна на вучобу.

Гары Паганяйла, вядомы правабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэта, з гэтымі аргумэнтамі не пагаджаецца.

(Паганяйла: ) “Гэта прававая вакханалія адносна маладых грамадзянаў Беларусі, якія пайшлі ў вышэйшыя вайсковыя вучэльні. Патрабуецца ўмяшальніцтва Канстытуцыйнага суду Беларусі, якія б прааналізаваў законы і прыняў рашэньне аб неканстытуцыйнасьці гэтых нарматыўных актаў”.

Гары Паганяйла згадаў, што Канстытуцыя Беларусі гарантуе ўсім грамадзянам бясплатную адукацыю. У курсантаў няма іншай магчымасьці атрымаць вайсковую адукацыю, як толькі ў межах вайсковых вучэльняў, і таму яны ня мусяць адказваць за страты, панесеныя дзяржавай, лічыць праваабаронца. Ён называе практыку спагнаньня кампэнсацыяў за мінулыя гады вучобы прыкметай прыгону.

Агульная сума пазоваў былым курсантам і афіцэрам сягае за два мільярды рублёў. У сярэднім атрымліваецца каля 12 мільёнаў на чалавека, альбо па 6 тысяч даляраў. Для большасьці сплаціць гэтыя грошы немагчыма. Таму невыпадкова, што фактычна сплочана кампенсацыяў у сто разоў меней ад прызначаных сумаў.

Прымусовая кампенсацыя за мінулую вучобу пагражае ня толькі курсантам, але таксама студэнтам цывільных навучальных установаў. Мой суразмоўца Ўладзімер праз год сканчае Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт і ўжо працуе паводле сваёй будучай прафэсіі. Такіх як ён на факультэце папярэдзілі, што калі яны праігнаруюць разьмеркаваньне, то будуць плаціць штраф ды аплацяць вучобу за ўсе пяць гадоў. Між тым, ніякім кантрактам гэта не прадугледжана.

(Уладзімір : ) “Я не падпісваў ніякіх дакумэнтаў, папераў, дамоваў. Я проста паступіў і вучыўся. Таму, калі казаць шчыра, гэта нейкі падман”.

Праваабаронцы кажуць, што пагрозы абкласьці студэнтаў-бясплатнікаў кампэнсацыямі за вучобу – незаконныя, і параўноўваюць іх з крымінальным шантажом.
XS
SM
MD
LG