Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты плянуюць павялічыць да аднаго году крымінальную адказнасьць за ўхіленьне ад уплаты падаткаў


Алесь Дашчынскі, Менск 16 сьнежня на сэсію Палаты прадстаўнікоў выносяцца два законапраекты, якія закранаюць інтарэсы вялікай колькасьці грамадзянаў: аб альтэрнатыўнай службе і аб дапаўненьнях і зьменах у некаторых заканадаўчых актах Беларусі па ўстанаўленьні адказнасьці за непадачу дэклярацыі аб прыбытках.

Няўжо ёсьць шанец, што, нарэшце, будзе вырашана пытаньне аб увядзеньні альтэрнатыўнай службы ў Беларусі? Гісторыя з гэтым законапраектам даволі цікавая. Яго ўнёс у камісію дэпутат апазыцыйнай групы “Рэспубліка” Ўладзімер Навасяд яшчэ ў мінулым складзе Палаты. Праект доўга ляжаў у камісіі. Цяпер гэты законапраект уносяць на разгляд сэсіі, але ж няма суб’екта заканадаўчай ініцыятывы, які павінен прэзэнтаваць праект. Нагадаю, што Ўладзімера Навасяда не абралі ў дэпутаты. У гэтай сувязі камісія па нацыянальнай бясьпецы будзе рэкамэндаваць адхіліць гэты законапраект і тлумачыць, што ён быццам бы не гатовы.

Аднак аўтар законапраекта аб альтэрнатыўнай службе Ўладзімер Навасяд цьвердзіць, што гэты законапраект абсалютна гатовы. Толькі вайскоўцаў не задавальняе сама ідэя альтэрнатыўнай службы і тое, што прапануецца ўвесьці яе працягласьць на 27 месяцаў, прычым ня толькі па прычыне рэлігійных, але і пацыфісцкіх перакананьняў. Гаворыць старшыня моладзевай арганізацыі “Грамадзянскі форум” спадар Навасяд:

(Навасяд: ) “У мяне ў акрузе, калі я быў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, каля 10 адсоткаў былі студэнты. Таму гэты законапраект – гэта была ініцыятыва зь іх боку – распрацаваць і падрыхтаваць для пленарных паседжаньняў. У мяне ёсьць дзьве-тры пратэстанцкія царквы, якія таксама ініцыявалі гэтае пытаньне. Гэтае пытаньне ішло ад грамадзянаў нашай краіны, і яно вельмі актуальнае для моладзі ўвогуле”.

Але дэпутат Віктар Гумінскі, які прадставіць сёньня законапраект, лічыць, што ў альтэрнатыўнай службе няма патрэбы.

(Гумінскі: ) “На сёньняшні дзень у нас такой неабходнасьці вострай, каб вось заўтра прыняць гэты закон, яе проста не існуе. Гэта надуманае”.

Вернемся да законапраекта ў пытаньні ўстанаўленьня адказнасьці за непадачу дэклярацыі аб прыбытках. Гэты законапраект унесены ўрадам па даручэньні прэзыдэнта Лукашэнкі. Яго будзе прэзэнтаваць дэпутатам у другім чытаньні камісія па нацыянальнай бясьпецы. Дэпутаты мяркуюць зрабіць больш жорсткім пакараньне грамадзянаў, якія не падалі дэклярацыі аб прыбытках ці ўхіліліся ад выплаты падаткаў.Старшыня камісіі Анатоль Белашэўскі тлумачыць неабходнасьць такога закону:

(Белашэўскі: ) “Таму што насьпела такая неабходнасьць разгляду – ухіляюцца ад уплаты падаткаў, таму трэба зрабіць адказнасьць больш жорсткай”.

Паводле дэпутата Белашэўскага, больш за 20 чалавек адбываюць цяпер пакараньне ў месцах пазбаўленьня волі за ўхіленьне ад выплаты падаткаў. Парушальнікам дэпутаты плянуюць павялічыць крымінальную адказнасьць да аднаго году. У выпадку ўхіленьня ад уплаты падаткаў у асабліва вялікіх памерах будзе, безумоўна, без рашэньня суда праводзіцца канфіскацыя маёмасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG