Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шыбеніца” на Гандлёвай


Галіна Абакунчык, Менск У Менску на вуліцы Гандлёвай, што побач зь Верхнім горадам, зьявілася драўляная канструкцыя ў выглядзе двух слупоў і папярэчынай угары. Укапаныя ў зямлю слупы дадаткова ўмацаваныя драўлянымі падпорамі, а таму пабудова моцна нагадвае шыбеніцу. Чым гэта ёсьць насамрэч?

Канструкцыя невядомага прызначэньня на вуліцы Гандлёвай зьявілася й застаецца там цягам некалькіх дзён. Таму перадусім я пацікавілася, што пра гэта думаюць мінакі, якія тут часта праходзяць.

(Карэспандэнтка: ) “Якія асацыяцыі ў вас узьнікаюць, калі вы бачыце вось гэтае драўлянае збудаваньне?”

(Спадар: ) “Як раней людзей вешалі пры фашыстах. Непрыгожа глядзіцца”.

(Спадарыня: ) “Не магу вызначыць што гэта, але нешта непрыемнае”.

(Спадар: ) “Першая асацыяцыя – гэта шыбеніца. А пасьля – вароты, рамка – прычым тут шыбеніца ў 21-м стагодзьдзі. Хаця…”

(Карэспандэнтка: ) “Нагадвае вам гэта што-небудзь ці не?”

(Спадарыня: ) “Па праўдзе – нейкую шыбеніцу. Ніякіх асацыяцый станоўчых гэта не выклікае”.

(Спадар: ) “Ня маю ўяўленьня, Але, калі гэта ў час вайны было, дык тут усе задаткі шыбеніцы, толькі вяровак не хапае. Можа, каму пагражаюць”.

(Юнак: ) “Гэта шыбеніца, бо вельмі падобная”.

(Іншы юнак: ) “Пэўна, кіно здымаюць”.

Пра так званую “шыбеніцу” як магчымую дэкарацыю да кіно выказаліся толькі два – найбольш маладыя мае суразмоўцы. Хоць насамрэч тут і сапраўды здымалася мастацкая стужка. Вось што мне паведамілі на кінастудыі Беларусьфільм:

(Спадарыня: ) “Некаторыя эпізоды ў Верхнім горадзе здымалі. Гэта васьмісэрыйны тэлефільм пад назваю “Чалавек вайны” пра падзеі на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Здымкі закончаныя й цяпер фільм у мантажным пэрыядзе”.

Тым ня менш, “кіношная” шыбеніца застаецца на ранейшым месцы, і калі яна будзе дэмантаваная – невядома. Хоць ня выключана, што напярэдадні 60-х угодкаў перамогі й масавых кіназдымкаў на ваенную тэматыку яна яшчэ спатрэбіцца. Як гэта ўплывае на сьвядомасьць беларускага грамадзтва, пракамэнтаваў філёзаф Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) “Панаваньне ідэалёгіі камуністычнай – канечне, яно сядзіць ня тое што ў галовах – у касьцях нашага народу. Эўропа ўсе апошнія 50 гадоў паклала на тое, каб выкрасьліць вайну са сваёй ідэалёгіі, са сваёй мэнтальнасьці на карысьць міру. І яна гэта зрабіла: гэта фантастыка, але 50 гадоў Эўропа жыве без вайны. Але пра гэта маўчаць і мала гавораць асабліва ў нас. Бо тады адразу стане бачна, што тая ідэалёгія, на якой трымаецца цяперашняя ўлада, старая й забытая эўрапейскай часткай сьвету”.
XS
SM
MD
LG