Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманьне генэральнага дырэктара “Нафтана” выклікала ў ягоных калегаў праўдзівы шок


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Як успрынялі жыхары Наваполацка вестку аб затрыманьні генэральнага дырэктара Адкрытага акцыянэрнага таварыства “Нафтан” Канстанціна Часнавіцкага і выканаўцы абавязкаў камэрцыйнага дырэктара гэтага прадпрыемства Сяргея Мартынава? Нагадаем, абодва яны абвінавачваюцца ў раскраданьні дзяржаўных грошай у асабліва буйных памерах.

Чуткі пра затрыманьне генэральнага дырэктара “Нафтана” пачалі цыркуляваць у Наваполацку яшчэ зьвечара 8 сьнежня. Наступным днём у Наваполацку толькі пра гэта й было размовы. Журналісты мясцовых выданьняў шмат часу змарнавалі, каб атрымаць нейкую інфармацыю з афіцыйных крыніцаў, але захады такія ня мелі плёну. І ўсё ж журналісты гарадзкой газэты “Химик” на свой страх і рызыку паведамілі пра факт затрыманьня.

Гаворыць намесьнік рэдактара “Химика” Яўген Парчынскі:

(Парчынскі: ) “Што тычыцца арышту генэральнага дырэктара “Нафтану” Часнавіцкага, дык мой рэдакцыйны тэлефон разрываўся. Усе пыталіся: а як? і што? і чаму? Усялякія плёткі віравалі па горадзе. І тады я вырашыў дазнацца – а што ж, сапраўды, здарылася? Усе афіцыйныя каналы маўчалі. І тады я праз сваіх людзей дазнаўся: што, і як, і чаму… І выдаў гэтую інфармацыю”.

Гэта было ў пятніцу, і тады ж у рэдакцыі патэлефанаваў высокапастаўлены работнік заводакіраўніцтва і абвінаваціў журналіста ў распаўсюджваньні непраўдзівай інфармацыі.

У цывілізаваных краінах паміж прадстаўнікамі эліты й паспалітым людам маецца зваротная сувязь – сродкі масавай інфармацыі, якія даносяць да шараговых грамадзянаў важную й цікавую для іх інфармацыю. У нас такая сувязь, як бачым, адсутнічае. Любая, самая звычайная інфармацыя бывае часта засакрэчанай, і таму наша сінявокая краіна паволі ператвараецца ў краіну чутак і плётак.

І ўсё ж: як прарэагавалі на згаданыя падзеі самі нафтанаўцы? Я меў размову з работнікам заводакіраўніцтва, і той паведаміў, што затрыманьне генэральнага дырэктара выклікала ў яго і ягоных калегаў праўдзівы шок. Пры гэтым мала хто дае веры цьверджаньням, што спадар Часнавіцкі скраў, у выніку махінацыяў, мільёны даляраў і пераправіў іх у замежныя банкі. А такія чуткі, ізноў-такі, ходзяць.

Ня схлушу, калі скажу, што Канстанцін Часнавіцкі быў адзіным дырэктарам у рэгіёне, да якога з павагаю ставіліся як падначаленыя, так і простыя рабочыя. Аб прычынах такой унікальнай зьявы апавядае работнік “Нафтана”, інжынэр Аляксандар Балонкін:

(Балонкін: ) “У нас адносна вялікі заробак. Я, напрыклад, атрымліваю 700-750 тысячаў рублёў. На заводзе ідзе рэканструкцыя, скарачэньне штатаў нязначнае, сацыяльная сфэра збольшага ўтрымліваецца. Да таго ж, генэральны дырэктар пачынаў простым апэратарам і прайшоў усе прыступкі службовай лесьвіцы. Ну і даволі прыязна ставіўся да заводзкага Свабоднага прафсаюзу, сябрам якога я зьяўляюся”.

Дадамо да словаў спадара Балонкіна, што генэральны дырэктар “Нафтана”, у адрозьненьне ад іншых дырэктараў, ня гнаў сваіх падначаленых на выбарчыя ўчасткі падчас рэфэрэндуму. І гэты факт, відаць, будзе ўлічаны сьледчымі не на карысьць падсьледнаму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG