Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя каналаў (частка першая)


Вячаслаў Кулік, Менск Найстарэйшыя ў Беларусі штучныя водныя збудаваньні – Агінскі й Дняпроўска-Бускі каналы – разглядаюцца сёньня дзяржавай як асноўныя аб’екты для рэканструкцыі шляху з “варагаў у грэкі”, з Балтыкі ў Чорнае мора. Між тым за больш як 200 гадоў існаваньня адзін зь іх цалкам заняпаў, а другі страчвае транспартнае прызначэньне. Пра агульнае й адрознае ў лёсе першых рукатворных артэрыяў – матэрыял Вячаслава Куліка.

Першым будаўніком Агінскага каналу ў 1765 годзе быў Міхал Казімір Агінскі – дзядзька Міхала Клеафаса Агінскага, стваральніка агульнавядомых палянэзаў. (палянэз Агінскага “Разьвітаньне з Радзімай”)

Пра асобу Міхала Казіміра Агінскага ёсьць нямала зьвестак, раскіданых па розных крыніцах як XVIII стагодзьдзя, так і пазьнейшых. Ён займаў значныя пасады, служыў віленскім ваяводам, вялікім літоўскім гетманам. Быў кандыдатам на трон Рэчы Паспалітай, а пазьней адным з кіраўнікоў узброенага змаганьня супраць Расейскай імпэрыі. Ягонае трохтысячнае войска пацярпела паразу. Ад пакараньня Міхала Казіміра ўратавала эміграцыя. Праз пэўны час ён быў памілаваны, прыехаў у Слонім, дзе вярнуў сабе сэквэстраваныя маёнткі. Пра “цывілізатарскі” пэрыяд дзейнасьці Агінскага апавядае краязнаўца са Слоніму Сяргей Чыгрын:

(Чыгрын: ) “Міхал Казімір Агінскі назаўсёды адышоў ад вайсковых справаў і амаль 30 гадоў кіраваў Слонімскім паветам. Ён быў пачынальнікам будаўніцтва вялікага каналу, што злучыў Шчару з прытокам Прыпяці – Ясельдай. Капалі канал крыху больш як дзесяць гадоў выключна жыхары Слонімскага павету. Даўжыня яго складала 54 кілямэтры. Для Слоніму канал меў вельмі вялікае значэньне. Слонім ператварыўся ў порт. Праходзілі грузавыя й пасажырскія судны, сплаўляўся лес. А яшчэ вельмі вялікае значэньне мела слонімская прыстань, якая, кажучы па-расейску, “была правильно и совершенно удобна для выгрузки, склада и загрузки разного рода товаров”. Тут было шмат такоў, у якія засыпалася да пачатку навігацыі збожжа. Яно завозілася большай часткай зімою з навакольных мясцовасьцяў. Кожны год на слонімскай прыстані грузіліся і па Шчары праходзілі некалькі соцень суднаў з рознымі таварамі”.

Пра тое, што каналам карыстаўся малы флёт эўрапейскіх краінаў, сьведчыць вялікая колькасьць здымкаў і фатакопіяў старога часу з Польшчы, Нямеччыны, Літвы й нават Галяндыі. Гаворыць зьбіральніца калекцыі, жыхарка пасёлку Целяханы на Берасьцейшчыне Сьвятлана Крэк:

(Крэк: ) “Агінскі канал – ранейшы гонар беларускага Палесься. Якія прыгожыя здымкі гэтага каналу! Яго берагі былі ў дрэвах. Перад вачыма ў мяне грузавы й пасажырскі цеплаходы. “Сэкунда” называўся пасажырскі цеплаход, і хадзіў ён па маршруце Пінск – Целяханы. Усьцяж каналу былі цудоўныя мясьціны, дзе вялося шмат зьвяроў дзікіх, птушак. Моладзь адпачывала. Падарожнічалі па Агінскім канале на байдарках”.

Агінскі канал дзейнічаў 150 гадоў. У першую сусьветную й польска-савецкую войны быў моцна пашкоджаны. У 1928-м годзе канал аднавілі. У 1939-м савецкая ўлада рэпрэсавала інжынэраў, палякаў з паходжаньня, якія працавалі на канале, і гэта прывяло да заняпаду гідратэхнікі. А зусім абяскровіла канал татальная мэліярацыя. Эколяг зь Пінску Аляксей Дуброўскі расказвае, як у 1960-я гады на канале Агінскага былі ўзарваныя ўсе шлюзы:

(Дуброўскі: ) “Непапраўна разбурылі канал, яго ўнікальныя гідратэхнічныя драўляныя канструкцыі. Ён зарос травой і хмызьняком, тут цяпер няма вады нават па калена. І дзе браць гэтую ваду, калі ўсё навокал даўно асушана? Я лічу, што ў плянах яго рэканструкцыі пахне авантурай. У Беларусі зноў ствараецца лобі, каб зарабіць грошы”.

Гаварыў Аляксей Дуброўскі. Ён сябра Беларускай асацыяцыі экскурсаводаў, узначальвае сэкцыю складальнікаў турыстычных маршрутаў на Берасьцейшчыне, мае досьвед супрацоўніцтва з замежнымі турфірмамі.

(Дуброўскі: ) “Тое, што цяпер афіцыйная ўлада гаворыць пра турызм, – хлусьня. Я шмат размаўляў з датчанамі, швайцарцамі, галяндцамі, і ўсе яны скардзяцца на дарагія ўязныя візы, дрэнныя гатэлі, адсутнасьць іншых умоваў для падарожнікаў. Я думаю, што замежнікі ў Беларусь, дзяржаву, дзе будуюць камунізм, пакуль што не паедуць. Хіба што апантаныя, магчыма, чалавек сто за год. А трэба, каб мільёны прыяжджалі. Ёсьць што паглядзець! Такога багацьця прыроды няма ў Эўропе, скажам, у Польшчы, ва Ўкраіне. Толькі ў нас засталося “дзікае Палесьсе”. Але каб ехалі сюды, трэба ствараць экалягічную й сацыяльную інфраструктуру. А то ў нас няма часам гарачае вады ў гатэлі, а плаціць даводзіцца цалкам за месца. Мышы бегаюць, прусакі. Палякі ў Пінску баяліся заставацца ў нумары, бо ў дзьвярох вялікія дзіркі. Бытавыя ўмовы зусім не падыходзяць гэтым людзям”.

Скептычна ставяцца да магчымасьці “турыстычнага буму” на водных маршрутах Палесься й мінакі на пінскіх вуліцах:

(Спадарыня: ) “Я нешта ня чула, каб у Беларусі былі пасажырскія судны, на якіх можна было б правесьці падарожжа на працягу тыдня ці больш”.

(Спадарыня: ) “Арганізацыя воднага турызму немагчымая без кантактаў і паразуменьня з суседнімі дзяржавамі. Я ведаю, што раней Украіна, Польшча, Нямеччына, Літва прапаноўвалі цікавыя для Беларусі праекты, але ніводзін зь іх не ажыцьцёўлены. Ніхто ня хоча мець дачыненьне з авантурнай міжнароднай палітыкай Лукашэнкі”.

(Спадар: ) “Калі водны турызм будуць арганізоўваць дзяржаўныя структуры, то яшчэ шмат гадоў давядзецца чакаць зьменаў. Магчыма, лепей разгарнуўся б прыватны бізнэс, але ў нас усё пад пятою чыноўнікаў”.

Выклікаць “бум турызму” у Беларусі – чарговы загад Лукашэнкі, які суправаджаўся пагрозамі адправіць у адстаўку тых, хто не завабіў ў краіну замежнікаў. Каб ня трапіць пад расправу, “вэртыкальнікі” дамагаюцца хуткіх і кардынальных рашэньняў што да Агінскага каналу. Праектны інстытут мэліярацыйнага будаўніцтва ў Пінску ўжо атрымаў заданьне палічыць да 1-га студзеня магчымы кошт землярыйнай працы на канале. Кіраўнік групы праектантаў Уладзімер Пекун не пагаджаецца з пасьпешлівасьцю чыноўнікаў:

(Пекун: ) “Я б не сьпяшаўся. Можна нават таму ж прэзыдэнту давесьці, што гэта вельмі маштабная праца, каб затым не прамахнуцца”.

Каб напоўніць сухі канал, давядзецца разгарнуць мэліярацыйнае будаўніцтва ў запаведных мясьцінах, гаворыць Уладзімір Пекун.

(Пекун: ) “Агінскі канал павінен ісьці па нізіне, а не па ўзгорках. Мы можам са Шчары перапусьціць ваду, але трэба ўсё палічыць, каб не паўплываць адмоўна на гідралягічны заказьнік “Выганашчанскі” й саму Шчару. Калі ж прапаноўваецца іншы варыянт – падарожжы на байдарках, то экстрым і так магчымы. Ня трэба траціць вялікіх грошай. Я сам назіраў, як хлопцы зь Літвы на лёгкіх байдарках з плястыку ішлі ўніз да Чорнага мора”.

І яшчэ адно меркаваньне што да меркаванай пасьпешлівай рэканструкцыі каналу-помніка. Начальнік прадпрыемства “Дняпроўска-Бускі водны шлях” Іван Кіявец заклікае напачатку арганізоўваць турыстычныя маршруты па другім рукаве былой воднай дарогі з варагаў у грэкі.

(Кіявец: ) “Недзе прагучала, што трэба аднавіць Дняпроўска-Бускі канал. Я ня ведаю, што тут аднаўляць! Аднавіць перавозкі? Так! Арганізаваць турызм? Так! Сумесна з палякамі, сумесна з Эўразьвязам”.

Калі ў 1775 годзе Агінскі канал злучыў басэйны Дняпра й Нёману, амаль адразу сойм Рэчы Паспалітай выдаткаваў сродкі на будаўніцтва наўпроставага шляху ад Дняпра да Віслы й Одэру. Пра гісторыю й сучаснасьць былога Каралеўскага каналу – у наступнай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG