Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іраку – апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў на парлямэнцкіх выбарах


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Іраку апошні дзень рэгістрацыі ўдзельнікаў парлямэнцкіх выбараў, якія адбудуцца 30 студзеня наступнага году. Зарэгістраваныя каля 70 палітычных блёкаў, якія будуць прэтэндаваць на 275 месцаў у парлямэнце.

Новы парлямэнт будзе прызначаць урад, ён павінен таксама прыняць Канстытуцыю краіны.

Першапачаткова шэраг суніцкіх партыяў і груповак пагражалі, што будуць байкатаваць выбары. Але ў апошні момант некаторыя зь іх, прынамсі найбуйнейшая – Ірацкая ісламская партыя пагадзіліся ўзяць удзел у выбарчым спаборніцтве.

У адрозьненьні ад сунітаў шыіцкая большасьць ускладае на выбары вялікія надзеі. Шыіты складаюць 60% насельніцтва краіны, пры Садаме яны адчувалі жорсткую дыскрымінацыю.

Намесьнік міністра замежных справаў Іраку Гамід Байяці гаворыць, што ў выніку студзеньскіх выбараў павінен быць створаны ўрад, у якім ніводная з этнічных і рэлігійных абшчынаў ня мела б абсалютнай перавагі. Аднак пакуль менавіта этнічныя і рэлігійныя прыкметы ёсьць асновай палітычных падзелаў. Гаворыць Ях’я Саід, адмысловец зь лёнданскай школы эканомікі:

(Саід: ) “Было шмат размоваў – ці будуць выбары адтэрмінаваныя ці адбудуцца ў прызначаны тэрмін. Было шмат размоваў пра пагрозу грамадзянскай вайны і пра тое, ці будуць суніты ўдзельнічаць у выбарах. Але пакуль мы не пачулі аніякіх палітычных праграмаў канкуруючых партыяў. Але на выбарах гэта вельмі важная рэч – пачуць, што кандыдаты прапануюць, што яны думаюць, прынамсі пра прысутнасьць замежных войскаў у краіне”.

Перадвыбарчая кампанія пачынаецца праз дзень пасьля паведамленьня пра пачатак судовых працэсаў над высокапастаўленымі паплечнікамі былога дыктатара Хусэйна. Першым перад судом па абвінавачваньні ў злачынствах супраць чалавечнасьці паўстане Алі Хасан Маджыд, вядомы па мянушцы “хімічны Алі”.

Маджыд – стрыечны брат Садама Хусэйна, мянушку ён атрымаў з-за таго, што, як мяркуецца, менавіта паводле ягонага загаду ірацкае войска ўжыла хімічную зброю супраць курдаў у 1987 годзе.

Адвакаты чыноўнікаў былога рэжыму, а таксама палітычныя аналітыкі мяркуюць, што прэм’ер-міністар Іяд Алаўі , распачаўшы суды менавіта зараз, спадзяецца заваяваць галасы выбаршчыкаў для сваёй партыі падчас галасаваньня 30 студзеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG