Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі гарвыканкам адмовіў у перарэгістрацыі пратэстанцкай царкве “Новае жыцьцё”


Альгерд Невяроўскі, Менск Афіцыйнай прычынай адмовы ў перарэгістрацыі сталі прэтэнзіі да статуту, які нібыта не адпавядае закону “Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыяў”. Кіраўніцтва царквы лічыць, што гэтае рашэньне беспадстаўнае.

Пастара поўнаэвангельскай царквы “Новае жыцьцё” Вячаслава Ганчарэнку выклікалі 15 сьнежня ў Менскі гарвыканкам і перадалі рашэньне, падпісанае старшынём Міхаілам Паўлавым. Пратэстантам адмовілі ў дзяржаўнай перарэгістрацыі, бо шэраг палажэньняў іх статуту нібыта не адпавядаюць беларускаму заканадаўству.

Чыноўнікам не спадабалася, што поўная назва царквы была напісаная па-ангельску, статут не вызначае парадку сяброўства ў царкве, ня вызначаныя яе асноўныя формы дзейнасьці, тэрмін паўнамоцтваў найвышэйшага кіраўніцтва і іх пераабраньня і г.д.

Чыноўнікі таксама лічаць незаконным тое, што юрыдычны адрас пратэстанцкай грамады месьціўся ў купленым вернікамі ва ўласнасьць былым будынку жывёлагадоўчай фэрмы.

Пастар царквы “Новае жыцьцё” Вячаслаў Ганчарэнка так пракамэнтаваў гэтае рашэньне ўладаў:

(Ганчарэнка: ) “Я думаю, што гэта асабістыя амбіцыі пэўных чыноўнікаў. Царква застанецца й будзе існаваць без рэгістрацыі. Тысяча чалавек будзе працаваць і ў падпольлі. Гэта божая справа, якую немагчыма зьнішчыць. Колькі было людзей у гісторыі, якія ішлі супраць царквы — і нікому гэта не даравалася. Іх ужо няма, а царква жыве й будзе жыць”.

Месяц таму адміністрацыя Маскоўскага раёну Менску пазбавіла царкву юрыдычнага адрасу, а ў судзе працягваецца разгляд адміністрацыйнай справы актывіста “Новага жыцьця” Васіля Юрэвіча, які абвінавачваецца ў арганізацыі незаконных рэлігійных сходаў. А днямі кіраўнікі царквы атрымалі ліст з раённай адміністрацыі. Чыноўнікі патрабуюць, каб да 1 студзеня 2005 году было спыненае самавольнае будаўніцтва на вуліцы Кавалёва, 72 у Менску, а пабудовы ліквідаваныя. У адваротным выпадку ўлады абяцаюць ліквідаваць пабудовы сваімі сіламі.

Васіль Юрэвіч гаворыць, што ніякага будаўніцтва на месцы правядзеньня набажэнстваў не вядзецца. Там была пастаўленая толькі часовая прыбіральня, а таксама забітыя дзіркі ў былым калгасным кароўніку.

Вернікі саступаць ціску ўладаў не зьбіраюцца. Гаворыць Васіль Юрэвіч:

(Юрэвіч: ) “Мы гатовыя стаць жывым ланцугом вакол нашага будынку. Ўрэшце мы за яго плацілі грошы, і проста так не аддамо. Нашыя людзі да гэтага гатовыя. Яны сутыкнуцца з жывымі людзьмі, калі прыедуць на трактарах. Прыйдзецца ім ехаць на людзей”.

Сёньня газэта “Советская Белоруссия” зьмясьціла інтэрвію з начальнікам аддзела Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандрам Калінавым. Ён гаворыць, што ў Беларусі перарэгістраваныя больш за 99% рэлігійных аб’яднаньняў. А царква “Новае жыцьцё”, паводле спадара Калінава, не перарэгістраваная толькі таму, што разьмясьціла свой юрыдычны адрас у кароўніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG