Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшынём Беларускага саюзу мастакоў зноў абраны Ўладзімер Басалыга


Галіна Абакунчык, Менск У Менску завершыў працу васямнаццаты справаздачна-выбарчы зьезд Беларускага саюзу мастакоў. На пасаду старшыні творчага аб’яднаньня зноў выбраны мастак Уладзімер Басалыга. Зь ягоным абраньнем на другі тэрмін многія творцы зьвязваюць спадзяваньні на ўмацаваньне матэрыяльнага й творчага патэнцыялу саюзу.

На пасаду старшыні прэтэндавалі таксама скульптар Алесь Дранец і колішні старшыня саюзу, мастак Генадзь Буралкін. Галасаваньне праходзіла ў два туры, і Ўладзімер Басалыга атрымаў перамогу зь перавагаю тры галасы. Як праходзілі выбары, паведамляе Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Зьезд праходзіў вельмі бурна, і гэта паказала галасаваньне. А гэта азначае, што ня ўсе падзяляюць ягоныя думкі й мэтады кіраваньня. Рэзалюцыю да прэзыдэнта напісалі на расейскай мове. Я тады ўстаў і сказаў: што вы, Пуціну пішаце ці прэзыдэнту Беларусі? Тыя спадзяваньні, што дэмакрат, што будзе абараняць нашыя дэмакратычныя пазыцыі — такіх спадзяваньняў няма”.

Адначасна на кіраўніцтва Ўладзімера Басалыгі многія сябры саюзу ўскладаюць вялікія спадзяваньні. Гаворыць мастак Рыгор Сітніца:

(Сітніца: ) “Самае большае, што мы можам, гэта адбіць маёмасьць, якая нас яшчэ крыху ратуе. Бо мы бачым, што адбылося з Саюзам пісьменьнікаў, — гэта катастрофа. А для гэтага трэба дзе-нідзе, нават прагінацца перад гэтаю ўладаю, што дужа праблематычна для чалавека прынцыповага. Для таго ж самага Ўладзімера Самойлавіча Басалыгі, як для чалавека выразнага нацянальнага сьветапогляду”.

У рэзалюцыі зьезду, а таксама ў лісьце на адрас кіраўніка краіны, Беларускі саюз мастакоў выказаў спадзяваньне, што найвышэйшыя ўлады пагодзяцца з прапановай зьнізіць арэндную плату майстэрняў, дапамогуць у рамонце Палацу мастацтваў, а таксама ў вырашэньні іншых матэрыяльных праблемаў.
XS
SM
MD
LG