Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахскія аналітыкі: Лукашэнка прыехаў ня толькі катацца на лыжах


Юры Дракахруст, Прага Казахстанскія афіцыйныя асобы сьцьвярджаюць пра прыватны характар візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Казахстан.

Тым часам прадстаўнік беларускага пасольства ў Астане заявіў казахскай службе Радыё Свабода:

“Прэзыдэнт знаходзіцца з рабочым візытам і заплянаваны шэраг сустрэчаў падчас гэтага візыту. Ён прыляцеў на мінулым тыдні”.

Аднак за гэтыя некалькі дзён, што Аляксандр Лукашэнка знаходзіцца ў Казахстане, ён пакуль не правёў аніякіх афіцыйных сустрэчаў – прынамсі, пра гэта не паведамлялі ані беларускія, ані казахстанскія афіцыйныя крыніцы.

Варта нагадаць, што паездка Аляксандра Лукашэнкі на гарналыжныя курорты ў Аўстрыю напачатку гэтага году нарабіла занадта шмат шуму, да таго ж у рэчышчы апошніх візавых забаронаў для беларускіх чыноўнікаў з боку Эўразьвязу невядома, наколькі спакойным быў бы адпачынак Лукашэнкі ў якой бы то ні было эўрапейскай краіне.

Тым ня менш на думку некаторых казахстанскіх аналітыкаў кіраўніка Беларусі прымусілі прыехаць у Казахстан ня толькі спартовыя спакусы, але і неабходнасьць абмеркаваць з Нурсултанам Назарбаевым сытуацыю, якая склалася пасьля “памяранчавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне. Гаворыць казахстанскі палітоляг Сэйдахмэт Кутыкадам:

(Кутыкадам: ) “Я ведаю, што ён сюды прыехаў з нагоды пакатацца на лыжах. Але я мяркую, што ёсьць падставы для сур’ёзных палітычных гіпотэзаў. Мне здаецца такі візыт, асабліва напярэдадні трэцяга тура выбараў на Ўкраіне, відавочна прадугледжвае адно – падзеі якія ахапілі эўрапейскую часку СНД: Грузія, Малдова, Украіна.

Зараз на чарзе Казахстан і Беларусь. Гэтыя два аўтарытарныя рэжымы ўваходзілі ў гэтую слынную чацьверку – адзіную эканамічную прастору. Калі з чацьверкі выпадае такое важнае зьвяно, як Украіна – ёсьць падстава для сур’ёзнага роздуму.

Я ўпэўнены, што размова ідзе менавіта на гэтую тэму, што будзе з гэтымі рэжымамі далей. Я мяркую, што ў хуткім часе яны сустрэнуцца ўтрох, разам з Уладзімерам Пуціным.

Да гэтага часу, наколькі я меркаваў і ведаў, адносіны паміж Лукашэнкам і Назарбаевым былі вельмі няпростымі, бо абодва – адыктатары, але тая сытуацыя, якая цяпер склалася, іх кідае ў абдымкі аднаго іншаму і пэўна яны зараз абмяркоўваюць гэтую тэму.

Захад усур’ёз узяўся за постсавецкую прастору, і самая гэтая прастора ўжо гатовая. Прайшло 13 гадоў пасьля распаду СССР, а гэтыя рэжымы не мяняюцца. Перамены непазьбежныя і гэтыя два дыктатары гэта разумеюць. Мне здаецца тэма толькі гэтая – што будзе зь імі далей”.

Гэта быў казахстанскі палітоляг Сэйдахмэт Кутыкадам.
XS
SM
MD
LG