Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка зноў катаецца на лыжах за мяжой — цяпер у Казахстане


Юры Сьвірко, Менск Аляксандар Лукашэнка катаецца на лыжах, хаця прэсавая служба Лукашэнкі паведамляе, што ён знаходзіцца з рабочым візытам у Казахстане й там заплянаваная ягоная сустрэча з прэзыдэнтам Нурсултанам Назарбаевым. Прэсавая служба Назарбаева заяўляе, што спадар Лукашэнка прыехаў у іх краіну з прыватным візытам.

Спрабуючы высьветліць, з кім у Казахстане Аляксандар Лукашэнка вядзе перамовы наконт мадэрнізацыі беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, пра што напярэдадні паведаміў казахстанскі амбасадар у Менску, я патэлефанаваў у Астану, у прэсавую службу МЗС Казахстану й спытаўся пра мэту візыту Аляксандра Лукашэнкі:

(Супрацоўніца МЗС: ) “Мы не накіроўвалі ў СМІ ніякага паведамленьня. Проста гэта будзе прыватны візыт”.

Тое самае пра характар візыту Аляксандра Лукашэнкі мне заявілі ў прэсавай службе прэзыдэнта Казахстану, дзе да таго ж на маё пытаньне, калі будзе ягоная сустрэча з Нурсултанам Назарбаевым, адказалі гэтак:

(Супрацоўніца прэсавай службы: ) “У яго ж прыватны візыт. А раптам ня будзе? Ха-ха”.

Гэтая ж супрацоўніца прэсавай службы спадара Назарбаева заявіла:

(Супрацоўніца прэсавай службы: ) “Вы ведаеце, прэзыдэнт наш цяпер у Астане, сталіцы, а Лукашэнка знаходзіцца ў Алматы. У нас заўтра сьвята — Дзень Незалежнасьці, таму прэзыдэнт у нас заўтра тут будзе”.

Дзе менавіта ў Алматы знаходзіцца спадар Лукашэнка? Паколькі ў сакавіку 2002 году пасьля нефармальнага саміту СНД на гарналыжным курорце Чымбулак каля былой сталіцы Казахстану беларускаму кіраўніку вельмі спадабалася катацца на лыжах, я патэлефанаваў на турбазу “Шымбулак”, спытаўся, ці няма раптам там групы Аляксандра Лукашэнкі ды атрымаў станоўчы адказ:

(Дзяжурная: ) “Яны проста жывуць тут у гатэлі”.

(Карэспандэнт: ) “І Лукашэнка таксама?”

(Дзяжурная: ) “Не, не. Толькі ягоная група”.

Дзяжурная чатырохзоркавага гатэлю “Шымбулак” паведаміла, што Лукашэнкава група прыехала яшчэ 11 сьнежня, але сам беларускі кіраўнік там не жыве:

(Дзяжурная: ) “Гэта ж ахова толькі ў нас менская”.

Гэтая ж дзяжурная сказала, што група Лукашэнкі займае вельмі шмат нумароў.

Жыхарка Алматы Вольга Болатава, якая вельмі любіць горныя лыжы ды амаль кожныя выходныя езьдзіць на Чымбулак, паведаміла Радыё Свабода, што яе сябры бачылі, як там катаўся Аляксандар Лукашэнка.

Паводле сайту курорту “Шымбулак”, абанэмэнт на працоўны дзень каштуе 4 тысячы тэнге, або 30 даляраў, а на выходны — 5 тысяч тэнге, або 38 даляраў. Гэта ж пацьвердзіла й спадарыня Болатава:

(Болатава: ) “Абанэмэнт на цэлы дзень, калі вы едзеце на выходныя, каштуе 5 тысяч тэнге. Ёсьць домікі, іх можна зьняць — драўляныя, усялякія розныя. Цяпер мае сябры ўзялі — 60 тысяч тэнге на тры дні. А пад самы Новы год каштуе 1 тысяча даляраў”.

Вольга Болатава кажа, што Чымбулак лічыцца дарагім курортам, і ня кожны казахстанец можа дазволіць сабе там адпачынак. Гэты курорт заходіцца за 4 кілямэтры ад вядомага комплексу “Мэдэў” на вышыні 2200–2500 мэтраў. Курорт адкрыўся роўна пяцьдзясят гадоў таму, у 1998 годзе на ім адкрыліся два новыя пад’ёмнікі. Чымбулак мае трасы хуткаснага спуску на 3 з паловай кілямэтра, гіганцкага слаламу на паўтара кілямэтра ды некалькі іншых лыжных трасаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG