Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Станіслава Шушкевіча віншуюць з 70-годзьдзем ягоныя аднадумцы


Ігар Карней, Менск Сёньня споўнілася 70 гадоў першаму кіраўніку незалежнай Беларусі, аўтарытэтнаму палітыку і навукоўцу Станіславу Шушкевічу. Як ацэньваюць ягоную дзейнасьць на чале дзяржавы вядомыя ў краіне асобы?

Станіслаў Шушкевіч быў на навуковай канфэрэнцыі ў ЗША, але сёньня раніцай прыляцеў у Менск.

Як успрымаюць Шушкевіча ў палітыцы людзі, якія цягам усіх гэтых гадоў ідуць, прынамсі, паралельнымі курсамі?

Вось меркаваньне сакратара ўправы БНФ Віктара Івашкевіча:

(Івашкевіч: ) “Перадусім гэта чалавек незвычайнага лёсу — маючы на ўвазе, што лёс сам ствараў падзеі, а Шушкевіч воляй гэтага лёсу апынуўся ў яго эпіцэнтры, можа таго нават не чакаючы і не жадаючы. Гэта і тое, што яму давялося пазнаёміцца з Освальдам, і тое, што ён стаў кіраўніком беларускай дзяржавы, і тое, што Савецкі Саюз разбурыў у Белавескай пушчы. Можа, у гэтым найбольшы сымбаль той Беларусі, калі мы, зноў жа, воляй лёсу апыналіся ў такім стане. Таму Шушкевічу пажаданьне: каб у яго было здароўе дачакацца і паназіраць за тым, што будзе ў наступныя гадоў дваццаць”.

Да сярэдзіны 1990-х Станіслаў Шушкевіч сапраўды быў у эпіцэнтры міжнародных падзеяў. Новыя геапалітычныя рэаліі падштурхоўвалі да вызваленьня ад старой савецкай ізаляцыі. На думку ўсіх маіх суразмоўцаў, імя Шушкевіча трапіць у энцыкляпэдыі сьвету найперш дзякуючы Белавескім пагадненьням. А кульмінацыяй новых замежнапалітычных стасункаў часу ягонага кіраўніцтва стаў візыт у Беларусь тагачаснага прэзыдэнта ЗША Біла Клінтана. Гаворыць былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду Беларусі Валеры Фадзееў:

(Фадзееў: ) “Мяркую, ягоная галоўная заслуга тая, што ён стаяў ля вытокаў нараджэньня новай беларускай дзяржаўнасьці й дэмакратыі ў Рэспублікі Беларусь. І ўвогуле, як ён парлямэнтам кіраваў, хоць адназначна яго кіраўніком у тым сэнсе, які мы звычайна ў гэта ўкладаем, назваць нельга, але мне тыя мэтады заўсёды падабаліся. Мне здаецца, ён заўсёды быў прыхільнікам дэмакратыі й гэтыя ідэі праводзіў у жыцьцё. Такім ён, пэўна, і застанецца ў гісторыі. Праўда, гавораць, што ён разбуральнік Савецкага Саюзу… Я думаю, гэта не зусім так: Савецкі Саюз разбурыўся не таму, што гэтага захацеў Шушкевіч ці хтосьці іншы. Такая была хада гісторыі”.

Сам Станіслаў Шушкевіч на падзеі сьнежня 1991 году мае адназначнае меркаваньне — трэба было цывілізавана разьвесьці саюзныя суб’екты.

(Шушкевіч: ) “Калі была ўтвораная СНД, то фактычна было спыненае кровапраліцьцё — былі ўтаймаваныя канфлікты паміж былымі суб’ектамі СССР. Нават армянска-азэрбайджанскі канфлікт — вельмі складаны, вельмі цяжка ў яго было ўмешвацца. Болей за тое, нэўтралізаваныя пэўныя ўнутрыдзяржаўныя канфлікты, да прыкладу Абхазія—Грузія. Так што, я перакананы: задача цывілізаванага разводу суб’ектаў СССР адбылася самым дасканалым чынам. Другой задачай было ўтварэньне цывілізаванай супольнасьці. Дык вось, супольнасьць утвораная, а цывілізаванасьці ў ёй няма”.

Зрэшты, некаторыя палітыкі цяпер да яго ставяцца досыць крытычна. Адзін з прыкладаў — былы міністар замежных справаў Пётар Краўчанка.

(Краўчанка: ) “Мы далёка не сябры, хоць працавалі разам ва ўнівэрсытэце, я яго рабіў прэзыдэнтам адной навукова-тэхнічнай арганізацыі. Ёсьць прынцыповыя падставы, і тут палітыка перамешваецца з асабістым да яго стаўленьнем. Але галоўнае — гэта палітычныя яго недахопы. Гэта чалавек, які прайграў усё, што было можна”.

Падобныя меркаваньні маюць права на існаваньне, але практычна ўсе сыходзяцца ў іншым: Беларусь з Шушкевічам якраз выйгравала.
XS
SM
MD
LG