Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Літвы прапанавала зьнізіць кошт літоўскай візы для грамадзянаў Беларусі да 5 эўра


Ганна Соусь, Менск А падчас каталіцкіх і праваслаўных Калядаў і Новага году будзе дзейнічаць спрошчаны рэжым перасячэньня мяжы. Пра гэта нашай карэспандэнтцы распавёў амбасадар Літвы ў Беларусі Ёнас Паслаўскас.

Ёнас Паслаўскас распавёў нашаму радыё, што літоўскі бок падчас кансультацыяў паміж консульскімі службамі Беларусі й Літвы прапанаваў зьнізіць кошт візаў да 5 эўра:

(Паслаўскас: ) “Літоўскі бок прапанаваў зьнізіць стаўку збору за афармленьне ўсіх катэгорый візаў — і аднаразовай, і двухразовай, і шматразовай да 5 эўра. Таксама ня будзе брацца дадатковая плата за тэрміновае афармленьне візы. Мы прапанавалі зьнізіць кошт візы ў чатыры разы. Цяпер яна каштуе 20 эўра. У найбліжэйшыя дні наш бок накіруе ноту беларускаму боку, каб такая прапанова была разгледжана афіцыйным чынам. Я думаю, што адказ беларускага боку будзе станоўчым”.

А вось што сказаў нашаму радыё прэсавы сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Мы разглядаем гэтую прапанову, таму што існуе звычайны парадак разгляду такіх рэчаў. Я думаю, што мы разгледзім зацікаўлена, і будзем рэагаваць”.

Паводле літоўскага амбасадара Ёнаса Паслаўскаса, гэтая прапанова была абумоўлена жаданьнем літоўскага боку пашыраць кантакты паміж нашымі краінамі, а таксама разуменьнем таго, што цяперашні кошт візы дастаткова высокі для многіх беларусаў. Дарэчы, кошт аднаразовай польскай візы для беларусаў складае цяпер 6 эўра.

Ёнас Паслаўскас таксама паведаміў, што ў Міністэрстве замежных справаў Літвы разглядаюць магчымасьць увядзеньня ня толькі паўгадавых і гадавых, але і двух-, і трохгадавых шматразовых візаў. Літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас працягвае:

(Паслаўскас: ) “А з 24 сьнежня да 10 студзеня 2005 году жыхары памежных раёнаў дзьвюх краінаў змогуць перасякаць мяжу ў спрошчаным рэжыме. Гэта значыць, у тых шасьці так званых спрошчаных пунктах пераходу, якія былі закрытыя пасьля далучэньня Літвы да Эўразьвязу. Гэты рэжым будзе дзейнічаць з 10 да 17 гадзінаў. Да такой дамоўленасьці беларускі й літоўскі бок прыходзяць ужо ня першы год. Да 1 лютага 2005 году мы правядзём кансультацыі наконт разьвіцьця інфраструктуры гэтых пунктаў пропуску”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG