Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 15 сьнежня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 15 сьнежня.

“Наша ніва”, 1914 год. Ліст са Смаргоні:

“Прайшлі тры месяцы з лішнім забароны п’янства, і наш люд троха-па-троху пачаў забывацца навукі аб гарэлцэ… Шынкары ходзюць нудные, маркотные, як тыя мухі у час восеньскай непагоды, чуюць канец свайго ляніваго жыцьця. І зьмяніліся яны па гэты час — куды! Праз колькі гадоў ніхто гэтак не змяніўся-бы… Каторы быў пузаты — у таго нягледзючы бруха мнейшае — мінулася кату масьленіца! Каторы быў сівы — зусім пасівеў. А хто быў ад прыроды худы — сохнець у шчэпку”.

“Сталинская молодежь”, 1954 год. Рэдакцыйны артыкул напярэдадні адкрыцьця ІІ Усесаюзнага зьезду савецкіх пісьменьнікаў:

“Беларускія пісьменьнікі ў вялікім даўгу перад пакаленьнем маладых будаўнікоў камунізму. Моладзь спадзяецца, што літаратары рэспублікі напішуць творы, у якіх будзе ўслаўляцца прыгажосьць працоўнага подзьвігу, рамантыка суровых вытворчых будняў, раскрыты сьвет пачуцьцяў і перажываньняў нашых юнакоў і дзяўчат. Яшчэ не прамоўлены словы паэта аб маладых патрыётах, якія адрадзілі спаленыя вайной гарады Беларусі, усю сілу юнай душы ўклалі ў стварэньне першага беларускага трактара і аўтамабіля, вырошчваюць высокія ўраджаі на калгасных палях”.

“Настаўніцкай газеты”, 1984 год. Л.Бондар, дырэктар Тарноўскай СШ, лектар-атэіст:

“… з кожным гістарычным этапам развіцця грамадства ўсё больш сціраюцца нацыянальныя грані, чаму садзейнічае ўзаемасупрацоўніцтва ўсіх савецкіх рэспублік у развіцці агульнай эканомікі, узаемапранікненне нацыянальных культур. Гэта непакоіць служыцеляў царквы, і яны вымушаны шукаць новыя сродкі ўздзеяння на сваю паству. Так, у адным з касцёлаў пад Мінскам ксёндз пастаянна чытае свае пропаведзі перад веруючымі на беларускай мове… Але як бы ні хітрылі царкоўнікі, сутнасць іх дзейнасці адна: распальванне рэлігійнага фанатызму і нацыянальнай розні”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG