Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы можа мець вэрдыкт экспэртнай камісіі ў справе прадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці?


Ігар Карней, Менск Мы завяршаем цыкль матэрыялаў, прысьвечаных дзейнасьці Рэспубліканскай экспэртнай камісіі ў справе прадухіленьня прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасьці. У мінулых перадачах апавядалася пра сфэры інтарэсаў камісіі – гэта ўсясьветны і беларускі кінэматограф, аўдыё- і відэапрадукцыя, кампутарныя й інтэрнэт-клюбы, нават стрыптыз-шоў. Якія наступствы можа пацягнуць вэрдыкт экспэртнай камісіі, паводле якога фізычная асоба ці нейкая структура спрыяе распаўсюду парнаграфіі ці гвалту?

Наступствы рэальныя і часам нават жорсткія – натуральна, у залежнасьці ад ступені парушаных інструкцый, распрацаваных міністэрствам культуры і падпарадкаванай гэтаму ведамству Рэспубліканскай экспэртнай камісіі. У некаторых выпадках пакараньне можа падацца збольшага маральным – прыкладам, забароняць пракат стужкі ці шоў-праграму. Аднак некаторыя, ужо пацярпелыя, з такой лёгікай катэгарычна ня згодныя. Вось што з гэтай нагоды лічыць адна з аўтарак дакумэнтальнай стужкі “Дарога дадому. Рэквіем”, прысьвечанай Васілю Быкаву і забароненай да пракату ў Беларусі, рэжысэр Ірына Пісьменная:

(Пісьменная: ) “У першую чаргу, страты маральныя, паколькі рабілі з усёй душой, хацелі, каб гэта атрымалася, каб была памяць. А тут з усяго маху стукнулі абухом па “башцы”... Я б з задавальненьнем падала на іх у суд, але ж наш суд – гэта тое ж, што і яны самі…Матэрыяльныя страты мы панесьлі таксама вельмі значныя, паколькі здымалі ўсё на ўласныя грошы; грант мы атрымаць магчымасьці ня маем, паколькі гэта забаронена. Я перакананая: калі б сабраць экспэртную камісію, нармалёвую, стужку ніяк не маглі б забараніць”.

Тут трэба дадаць, што ніякай гаворкі пра гвалт, жорсткасьць, ня кажучы ўжо пра парнаграфію, у стужцы “Дарога дадому. Рэквіем” не вялося. Фармальна зачэпкай для экспэртнай камісіі сталіся няправільна трактаваныя вобразы Гітлера і Сталіна. Аўтары ж лічаць, што “чырвонай анучай” стала само прозьвішча Быкава, стаўленьне да якога на ўзроўні кіраўніцтва краіны дагэтуль застаецца адназначна нэгатыўным, а таму наўпрост кажуць пра палітычную цэнзуру.

Ці ёсьць прэцэдэнты прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці за культывацыю парнаграфіі ці гвалту? У якасьці самага станоўчага прыкладу супрацоўніцтва з праваахоўнымі органамі Рэспубліканская экспэртная камісія падае адну такую справу. На пачатку году супраць шэрагу грамадзянаў Беларусі распачатая крымінальная справа паводле фактаў стварэньня і падтрымкі сайтаў з дзіцячай парнаграфіяй. Гісторыя з сайтам “Лаліта” набыла сапраўды міжнародны рэзананс, але шэраг тых, хто ўцягнуты ў гэтую гісторыю, канстатуюць, што некаторыя людзі церпяць выпадкова.

Напярэдадні я сустрэўся з бацькам аднаго з асуджаных – дарэчы, за краты патрапіў маёр міліцыі. Бацька ўжо год абівае парогі сілавых ведамстваў, каб пераканаць чыноўнікаў: ягоны сын, які нават не асуджаны, а проста чакае сваёй чаргі, толькі на той падставе, што сябраваў зь некаторымі падазраванымі.

(Бацька асуджанага: ) “Хто падставіў яго? Ці гэтыя ягоныя “карашы”, якія штосьці не падзялілі паміж сабой? Адзін хакер, другі абраў рамяством дзіцячыя парнафільмы. А мой сын паміж імі проста “засьвяціўся”.Ён гэтага не адмаўляў, бо на тым офісе часта бываў, бо Рубанаў – ягоны былы падначалены. Той запрашаў іх да сябе, як водзіцца, пагаварыць, піва папіць. А калі офіс Рубанава браў АМОН, ён, натуральна, “засьвяціўся”, бо ўсё здымалася на камэру, фіксавалася й г.д. І яму, як супрацоўніку міліцыі, прад’явілі прэтэнзіі – чаму знаходзіўся ў такім месцы”.

І яшчэ адзін, у пэўнай ступені кур’ёзны выпадак. Днямі Менскі міжгарнізонны суд вынес абвінавачаньне супрацоўніку КГБ, які на просьбу дзьвюх прастытутак стварыў ім інтэрнэт-старонку, дзе галоўнымі гераінямі былі гэтыя самыя “жрыцы каханьня”. Па сутнасьці, замест таго, каб спрыяць экспэртнай камісіі выводзіць на чыстую ваду заганы грамадзтва, сілавік сам стаўся распаўсюднікам парнаграфіі. За што і атрымаў сто базавых велічыняў штрафу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG