Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто будзе старшынёй Беларускага саюзу мастакоў?


Галіна Абакунчык, Менск 15 сьнежня ў Менску пройдзе другі дзень працы 18-а справаздачна-выбарчага зьезду Беларускага саюзу мастакоў. Дэлегаты зьбяруцца ў залі паседжаньняў канцэртнага комплексу Менск, каб распачаць працэдуру перавыбараў старшыні й кіроўных органаў саюзу. Гэта мусіць стаць галоўнаю падзеяй зьеду.

Чаму выбарам старшыні грамадзкай арганізацыі надаецца пільная ўвага й хто за гэтым сочыць? Перадусім, канечне ж, самі сябры саюзу, бо ад асобы старшыні шмат у чым будзе залежыць грамадзянская пазыцыя ўсяго аб’яднаньня. Да прыкладу, цяперашні старшыня Уладзімер Басалыга на папярэднім зьезьдзе быў вельмі непажаданай для ўлады кандыдатурай за ягоную пасьлядоўнасьць і ў справе адстойваньня беларускасьці, і нацыянальнай адметнасьці ў мастацтве.

Тым ня менш, Уладзімера Басалыгу тры гады таму абралі старшынём. Дарэчы, у першы дзень зьезду спадар Басалыга быў адным сярод нямногіх удзельнікаў, хто прамаўляў з трыбуны па-беларуску. Аднак некаторыя дэлегаты зьеду выказалі незадаволенасьць працай нават гэтага складу кіраўніцтва. Гаворыць мастак Рыгор Сітніца:

(Сітніца: ) “Мы ўсё ж такі беларускі саюз мастакоў, і ў нас ёсьць беларуская мова, але сёньня ў Палацы мастацтваў няма ніводнай шыльды, напісанай па-беларуску. Мы прафэсіяналы, але нас ніхто ня слухае ў дачыненьні да палітычнай сытуацыі, да антыкультурнай сытуацыі, якая ствараецца ў краіне, да гэтай псэўдарэстаўрацыі, якая зараз адбываецца ў горадзе. Калі мы не абаронім гэта, дык хто тады й абароніць?”

Ці нешта паказвае на тое, што нейкую ўвагу на пераабраньне кіраўніцтва Саюзу мастакоў будуць надаваць улады? Адмыслоўцы заяўляюць, што ўплыў будзе самы непасрэдны. Асабліва пасьля таго, як Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць большага кантролю за творчымі саюзамі.

У кулюарах гавораць, што вышэйшыя ўлады зьвярнулі ўвагу на творчыя саюзы ў зьвязку з падзеямі вакол Беларускага саюзу пісьменьнікаў. Як вядома, пісьменьнікаў пагражаюць пазбавіць памяшканьняў Дому літаратара. І такая канфрантацыя з уладамі распачалася пасьля абраньня кіраўніком саюзу Алеся Пашкевіча, грамадзянская пазыцыя якога сталася вызначальнай для ўсяго Саюзу пісьменьнікаў.

Дарэчы, дэлегаты зьезду мастакоў закідвалі папрокі свайму кіраўніцтву за маўчаньне ў гэтай сытуацыі. Але праблема адсутнасьці грамадзянскай пазыцыі й салідарнасьці з калегамі ў творчасьці палягае ня гэтулькі ў асобе старшыні, колькі ў саміх сябрах Саюзу мастакоў – лічыць мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: )“З году ў год мы здаем свае пазыцыі. Я ўзгадваю 1995 год, калі мы зьездам прынялі катэгарычную рэзалюцыю з нагоды рэфэрэндуму й сымболікі. Увесь зьезд галасаваў супраць, і Саюз пісьменьнікаў на нас глядзеў, як на авангард. Зараз эстафэту авангарду ў пляне духоўнасьці пераняў Саюз пісьменьнікаў. Таму яны й маюць зараз непрыемнасьці з боку афіцыйных уладаў. Баюся, што калі такі чалавек у нас зьявіцца – за яго не прагаласуюць”.

Пра тое, што ўлады пастараюцца не дапусьціць радыкалізацыі Саюзу мастакоў, сьведчыць і такі факт, што зьезд грамадзкай арганізацыі праходзіў пад пільным кантролем вялікай колькасьці ахоўнікаў, якія стараліся не дапускаць туды журналістаў. Таксама ўдзельнікамі зьезду сталі прадстаўнікі адміністрацыі прэзыдэнта, Міністэрства культуры й гарадзкіх уладаў Менску. Якім будзе іхны ўплыў на пераабраньне кіраўніцтва Саюзу мастакоў, пакажа сёньняшні дзень.
XS
SM
MD
LG