Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Эўрапарлямэнце ўзнагародзілі беларускіх журналістаў


Юры Дракахруст, Прага Сёньня ў Страсбуры ў Эўрапарлямэнце адбылася цырымонія ўзнагароджаньня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) прэміяй імя Андрэя Сахарава “За свабоду думкі”. Старшыня Эўрапарлямэнту Йосэп Барэль ўручыў прэмію старшыні БАЖ Жаньне Літвіной.

“Віншуем, сэньёра Жанна” – гэтымі словамі старшыня Эўрапарлямэнту Йосэп Барэль завяршыў сваю прамову на цырымоніі ўзнагароджаньня.

У сваім выступе ён адзначыў, што гэтай прэміяй Эўрапарлямэнт выказвае павагу журналістам, якія кожны дзень рызыкуюць сваім жыцьцём дзеля праўды. Ён адзначыў, што сёлета ціск беларускіх уладаў на незалежныя мэдыі значна ўзмацніўся.

Спадар Барэль падкрэсьліў, што Эўрапарлямэнт ня будзе мець аніякіх кантактаў з беларускімі ўладамі, а будзе пашыраць кантакты зь няўрадавымі арганізацыямі і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі.

У сваім слове ў адказ старшыня БАЖ Жанна Літвіна сказала, што ўзнагарода – знак салідарнасьці і падтрымкі ўсяго дэмакратычнага руху Беларусі, знак таго, што Беларусь знаходзіцца ў фокусе міжнароднай увагі. Старшыня БАЖ таксама заявіла:

(Літвіна: ) “Для нас вельмі важна, каб эўрапейская супольнасьць, эўрапейскія інстытуты не аслаблялі сваёй пазыцыі адносна прынцыпаў свабоды слова і правоў чалавека, бо як толькі гэтыя прынцыпы слабнуць, то рэпрэсіўная машына ўнутры краіны пачынае працаваць яшчэ мацней, і мы адчуваем яшчэ большы ціск”.

Гаворачы пра тое, чым Эўропа магла б садзейнічаць усталяваньню свабоды слова і дэмакратыі ў Беларусі, Жанна Літвіна заявіла:

(Літвіна: ) “Першае – гэта падтрымка. Нам патрэбная гэтая падтрымка, падтрымка ўсяго, што легальна яшчэ працуе ў Беларусі. Найперш, я маю на ўвазе незалежны друк і недзяржаўныя арганізацыі. Для нас вельмі важна ўмацаваньне прысутнасьці Эўразьвязу ў Беларусі, гэта можа быць адмысловы прадстаўнік Эўразьвяза ў Беларусі”.

Старшыня БАЖ прапанавала правесьці ў Эўрапарлямэнце адмысловых слуханьняў аб сытуацыі са свабодай слова ў Беларусі.

На цырымоніі ўручэньня прэміі імя Андрэя Сахарава прысутнічалі жонка і сын апэратара ОРТ Дзьмітрыя Завадзкага.

Прэмія імя Сахарава складае 50 тысячаў эўра. Беларуская асацыяцыя журналістаў, узнагароджаная гэтай прэміяй сёлета, мае сваімі сябрамі больш за 1000 журналістаў і каля 160 газэтаў і тэле-і радыёкампаніяў.

Пасьля цырымоніі адбылася прэсавая канфэрэнцыя старшыні БАЖ Жанны Літвіной. Падаем яе адказы на некаторыя пытаньні.

Пра ролю Расеі ў беларускіх справах і пра ўзаемадзеяньне БАЖ з расейскімі арганізацымі:

(Літвіна: ) “Што можа зрабіць Расея? Самае галоўнае, што можа зрабіць Расея – гэта ня ўмешвацца ў нейкія складаныя хвіліны, дні і гадзіны ў тую сытуацыю, якая адбываецца ў суседняй дзяржаве. Калі казаць на прыкладзе Беларусі, то падчас першага рэфэрэндуму 1996 году роля расейскіх місіянэраў была проста ракавой. Падчас апошніх прэзыдэнцкіх выбараў дэмакратычныя палітыкі лічылі самым галоўным, каб Расея не падтрымлівала кіраўніка дзяржавы. На жаль мы адчулі гэтую падтрымку за 2 тыдні да прэзыдэнцкіх выбараў, і гэты фактар таксама адыграў сваю ролю.

Мы працуем разам з цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі, з Фондам абароны галоснасьці Аляксея Сіманава. Сёньня мы сустрэліся з калегамі з расейскага Мэмарыялу. Нам ёсьць пра што размаўляць, у нас агульная бяда. Нашая агульная плятформа, на якой мы супрацоўнічаем з гэтымі арганізацыямі – гэта адстойваньне дэмакратычных прынцыпаў, прынцыпаў правоў чалавека і свабоды слова”.

Пра тое, як жывецца незалежнаму журналісту ў Беларусі:

(Літвіна: ) “Як жывецца незалежнаму журналісту? Ведаеце, вельмі цяжка. Можна доўга распавядаць, як лёгка нам страціць працу, як імгненна можа быць зачыненая газэта. Але я хачу сказаць адно – тых людзей, якія працуюць у незалежнай журналістыцы сёньня ўжо нельга пазбавіць прафэсіі, бо кожны зь іх абсалютна сьвядома выконвае гэты прафэсійны доўг: зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю. Ім жывецца цяжка, бясхлебна, але інакш мы ўжо жыць ня можам, бо ўсьведамляем сваю ролю і сваё перадвызначэньне ў сябе ў краіне”.

Наколькі моцны страх у беларускіх журналістаў

(Літвіна: ) “Гэта адно з самых распаўсюджаных пытаньняў – ці баімся мы, што будзе потым, якія будуць рэпрэсіі за гэта. На гэтае пытаньне цяжка адказваць, бо кожнаму з нас знаёмае пачуцьцё страху. Я думаю, што ўсё журналісцкая супольнасьць проста ўздрыганулася пасьля жорсткага забойства нашай калегі Веранікі Чаркасавай. Існуе некалькі вэрсіяў, але сам факт такой жорсткай расправы недзе ў падсьвядомасьці пакідае свой сьлед.

Журналіст, які сёньня працуе ў незалежнай газэце ў Беларусі, цудоўна разумее, што ў любы момант ён можа атрымаць папярэджаньне пракуратуры, быць аштрафаваным. Прычым падстава можа быць абсалютна выпадковая і несур’ёзная, усё залежыць ад таго, якое рашэньне прымуць у нейкім кабінэце, якім чынам вырашаць расправіцца з арганізацыяй ці з калектывам ці з асобным чалавекам. Літаральна ўчора мы даведаліся пра ператрус у офісе незалежнага сацыялягічнага цэнтру НІСЭПД. У любы момант можа адбыцца ўсё што заўгодна. Самае галоўнае – гэта вера ў тое, што мы патрэбныя сваёй краіне, нашым людзям патрэбная інфармацыя. Мы проста імкнёмся ня думаць пра свае страхі”.

Пра наступствы ізаляцыі Беларусі:

(Літвіна: ) “Калі размова ідзе пра беларускія рэаліі, мы гаворым не пра ізаляцыю, а пра самаізаляцыю беларускага рэжыму і беларускіх уладаў. Але і самаізалюючыся, беларускія ўлады рэагуюць на тое, што адбываецца ў Эўропе. Вось мы ўвесь час гаворым, што ўсё кепска. Але я ганаруся тым, што на працягу апошніх трох гадоў у Беларусі ня быў прыняты новы закон пра СМІ. Праект зьявіўся тры гады таму, разам з законам аб свабодзе веравызнаньня. І калі апошні быў вераломна прыняты, то закон аб СМІ дзякуючы міжнароднай падтрымцы, дзякуючы экспэртным ацэнкам міжнародных арганізацыяў на шчасьце гэты закон яшчэ ляжыць у нашым парлямэнце. Хаця гэта і не азначае, што ён наагул ня будзе разглядацца, зразумела, хутчэй за ўсё ён будзе прыняты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG